На акцыю да расійскай амбасады дайшлі два чалавекі
Акцыя "Акупанты — вон" адбылася ўвечары 8 верасня каля расійскамй амбасады. Два хлопцы разгарнулі адпаведны лозунг каля амбасады і заклікалі расіян пакінуць украінскую зямлю.
Акцыя працягвалася каля 20 хвілінаў, пасля чаго маладыя людзі сышлі. Прынамсі за адным з іх адпарвіліся сілавікі ў цывільным. Затрымаць хлопца перашкодзіла толькі наяўнасць журналіста: на вачах у іх затрымліваць не наважыліся. Аднак не менш за паўгадзіны сілавікі суправаджалі актывіста па вуліцах Мінску.
Акцыю каля амбасады анансаваў "Малады фронт" (зарэгістраваны ў Чэхіі). Яна мусіла прысвячацца чарговым угодкам Аршанскай бітвы 1514 года. Каля амбасады былі прыпакаваныя два аўтазакі.
Аднак перад самай акцыяй лідара "Маладога фронту" Змітра Дашкевіча ў двары дома на вачах у суседзяў схапіла група з 10-15 чалавек і закінула ў мікрааўтобус. Аўтамабіль з'ехаў у невядомым напрамку.
Каля самой амбасады была затрыманая грамадская актывістка Вольга Нікалайчык.
Пазней стала вядома, што ўсіх затрыманых завезлі ў Цэнтральнае РУУС Мінска. Там знаходзяцца Дашкевіч, Нікалайчык, Уладзімір Яроменак ды іншыя актвісты, затрыманыя прэвентыўна.