На актывіста Паўла Сяргея склалі пратакол за пікет супраць мяса
На грамадскага актывіста Паўла Сяргея склалі адміністратыўны пратакол за ўдзел у перформансе супраць мяса, які ён з паплечнікамі зладзіў на мінскім Камароўскім рынку. Паводле пратакола, які хлопец атрымаў па пошце, 26 сакавіка ён прыняў удзел у несанкцыянаваным пікетаванні супраць мясной індустрыі на крытым рынку. Ён “публічна выказваў меркаванні аб мясной прадукцыі, раздаваў улёткі, чым парушыў устаноўлены парадак правядзення пікетавання”, цытуе пратакол spring96.org
26 сакавіка маладыя людзі ў яркіх масках сапраўды хадзілі з плакатамі па радах з мясам у крытым павільёне і раздавалі ўлёткі за этычны і здаровы лад жыцця. Павел Сяргей мяркуе, што калі б яны заняліся рэкламай каўбасаў, на іх бы ніхто не звярнуў увагі.
Акцыя, арганізаваная актывістамі моладзевых рухаў “Цана жыцця” і “Экалагічны пошук”, не несла пагрозы грамадскаму парадку, але была негатыўна ўспрынятая прадаўцамі мясной прадукцыі. Урэшце, ахоўнікі рынку папрасілі ўдзельнікаў перформансу сысці.
Інфармацыі аб тым, ці складзеныя пратаколы на іншых удзельнікаў перфомансу, у праваабаронцаў пакуль няма, дата суда таксама пакуль невядомая.