На БелАЭС пачалася гарачая абкатка абсталявання рэактарнай устаноўкі
Гарачая абкатка рэактарнай устаноўкі пачалася на першым энергаблоку Беларускай АЭС у Астраўцы. Пра гэта паведамляе прэс-служба Інжынірынгавага дывізіёну расійскай дзяржкарпарацыі "Расатам". Менавіта гэта карпарацыя з'яўляецца генеральным праекціроўшчыкам і генеральным падрадчыкам пабудовы АЭС.
Гарачая абкатка — гэта самы маштабны этап пуска-наладачных работ перад фізічным пускам рэактара. Гэты працэс імітуе працу энергаблока, але замест сапраўднага паліва ў рэактар загружаюцца імітатары цеплавыдзяляльных зборак.
На гэтым этапе спецыялісты правераць працаздольнасць асноўнага абсталявання энергаблока на адпаведнасць патрабаванням па эксплуатацыі і бяспекі. Таксама яны апрабуюць сістэмы абароны першага і другога контуру ад перавышэння ціску і правядуць выпрабаванні працы галоўных цыркуляцыйных помпаў на халодных і гарачых параметрах рэактарнай устаноўкі.
Правераць спецыялісты, як працуе сістэма электрасілкавання пры перапыненні падачы току ці поўным абясточванні энергаблока з мадэляваннем сітуацыі максімальнай праектнай аварыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.