На Беларусь ідзе вялікая залева з навальніцай і градам
Сіноптыкі абвяшчаюць аранжавы ўзровень бяспекі.
Сіноптыкі чакаюць моцныя навальніцы па большай частцы тэрыторыі і град у асобных раёнах Брэсцкай, Мінскай і Гродзенскай абласцях. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла начальнік аддзела прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыяктыўнага забруджвання і маніторынгу наваколля Святлана Рыбакова.
Рыбакова: “Мы апынуліся пад уплывам актыўнага атмасфернага фронту, які будзе ссоўвацца цягам дня. У нас выпісана папярэджанне, што на большай частцы сёння чакаюцца навальніцы, у асобных раёнах моцныя залевы, парывісты вецер і нават град. Цягам ночы гэты фронт змесціцца на ўсходнія раёны краіны”.
У цэлым жа, па інфармацыі Белгідрамета, у Беларусі чакаецца няўстойлівае надвор’е з навальніцамі, залевамі і цёплым паветрам.
На канец тыдня прагназуюцца кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах навальніцы. Тэмпература ўначы складзе 13−20 градусаў цяпла, днём — +20...+27. На выходныя чакаюцца кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература паветра будзе +9...+15 уначы, удзень — 20−27 вышэй за нуль.