На час Еўрапейскіх гульняў у Мінску на стадыёнах забароняць сэлфі-палкі
На час II Еўрапейскіх гульняў у Мінску на спартыўных аб'ектах забароняць сэлфі-палкі. Таксама балельшчыкам нельга будзе мець пры сабе сцягі і вымпелы, "не зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку". Ну і, зразумела, алкаголь. Пра гэта ў інтэрв'ю газеце "На страже" распавёў начальнік сталічнай міліцыі генерал-маёр Іван Кубракоў. Паводле яго слоў, на трыбуны і ў фан-зону можна будзе прайсці толькі праз кантрольна-прапускныя пункты. Спіс забароненых для праносу рэчаў міліцыя абяцае неўзабаве апублікаваць.
Еўрапейскія гульні ўрачыста адкрыюцца на мінскім стадыёне "Дынама" 21 чэрвеня. У гэты дзень будуць асабліва ўзмоцнены меры бяспекі, паколькі на ўрачыстасць прыедзе не толькі беларускі кіраўнік, але і замежныя лідары. Ужо далі згоду прэзідэнт Грузіі, прэм'ер-міністр Расіі.