На Дні дэсантніка ў Віцебску паказалі беларускі ўдарны беспілотнік
2 жніўня на святкаванні Дня дэсантніка ў Віцебску ў размяшчэнні 103-й гвардзейскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгады быў прадэманстраваны ўдарны беларускі беспілотнік.
Ударны дрон атакаваў будынак, у якім, паводле легенды, заселі незаконныя ўзброеныя фармаванні. Гэта адбылося падчас паказальных выступаў разведроты брыгады. Спярша лёгкі квадракоптар правёў разведку, а потым ударны робат выпусціў па будынку дзве рэактыўныя гранаты, паведамляюць "Народныя навіны Віцебска".
Дыктар, які каментаваў дзеянні дэсантнікаў, паведаміў, што гэтыя дроны распрацавала віцебскае ААТ "Канструктарскае бюро "Дысплей".
Дарэчы, у штурме будынка прымаў удзел і іншы выраб — аўтаматызаваны дыстанцыйна-кіраваны назіральна-агнявы комплекс "АДУНОК". Гэты модуль быў усталяваны на даху кітайскага LMV "Dongfeng Mengshi", які ў беларускім войску называюць "Богатырь".
Увесну 2017-га неапазнаны ўдарны беспілотнік з двума рэактыўнымі боепрыпасамі на ўзбраенні быў заўважаны падчас сумесных вучэнняў дэсантнікаў Беларусі і Расіі ў Віцебскай вобласці.