На Дзень роднай мовы ў Пружанах паказалі батлейку пра злога пана (фота)
У часе імпрэзы выконвалі духоўныя песні і паказвалі лялечны тэатр.
Псалмы спяваў праваслаўны гурт, а дзеці-каталікі паказалі батлейку пра злога пана і няшчасны народ
Гурт “Амафор” у складзе юнака і дзвюх жанчын праспяваў сем беларускамоўных псалмоў. Завяршыў свой выступ гімнам “Магутны Божа”. Спектакль “Дудка-самагудка” доўжыўся каля гадзіны. Адна з арганізатарак вечарыны, актывістка Таварыства беларускай мовы Тарэса Жэгалава патлумачыла:
“Гурт “Амафор” — яны самі патэлефанавалі мне. “А каб перад вамі выступіць са сваімі песнямі?” Мы і прапанавалі: “А давайце на Дзень мовы”. Гэта праваслаўныя. А спектакль паставілі школьнікі. Яны з многіх школ горада. Яны з каталіцкай абшчыны”.
Спектакль брэсцкай паэткі і драматурга Зінаіды Дудзюк увасабляе распаўсюджаную ў беларускай літаратуры фабулу барацьбы народа супраць злога пана і ягоных наймітаў. Пан хоча выкарыстаць чароўную дудку, каб усе пад яе скакалі.
У гарадскі Дом культуры прыйшло каля ста цікаўных. Прысутныя таксама не засталіся пасіўнымі гледачамі. Па раздадзеных цэтліках яны развучылі малітву за Беларусь і праспявалі яе разам у канцы сустрэчы. Усе — і малыя, і дарослыя — атрымалі святочны каравай.