На дзесяцярых палітвязняў пракурор просіць агулам 94 гады пазбаўлення волі
Стала вядома. якія прысуды запрасіла абвінавачанне дзесяці палітвязням, якіх судзяць у Мінскім гарадскім судзе з 25 красавіка.
Як пішуць праваабаронцы, даведаліся пра гэта з ліста Акіхіры Гаеўскага-Ханады. Агулам на ўсіх пракурор запрасіў 94 гады пазбаўлення волі.
Аляксандр Францкевіч — 17 гадоў;
Акіхіра Гаеўскі-Ханада — 16 гадоў;
Марфа Рабкова — 15 гадоў;
Аляксей Галаўко — 12 гадоў;
Павел Шпетны, Мікіта Дранец, Аляксандр Казлянка, Андрэй Чапюк — па 6 гадоў;
Андрэй Марач, Даніла Чуль — па 5 гадоў.
Прысуд па гэтай справе 6 верасня ў Мінгарсудзе ў 15:00 агучыць суддзя Раман Бізюк.
Працэс над анархістамі-палітвязнямі цягнецца з 25 красавіка. Іх вінавацяць па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у іх ліку — удзел у масавых беспарадках, удзел у экстрэмісцкім фармаванні, асабліва злоснае хуліганства ды інш.
Адзіная ў групе дзяўчына, Марфа Рабкова, — валанцёрка праваабарончага цэнтра "Вясна". Яна знаходзіцца за кратамі ўжо амаль два гады — з 17 верасня 2020-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.