На фэсце "Камяніца" зноў выступіць Алег Скрыпка
Лідар "Воплі Відаплясава" прывязе эксклюзіўны танцавальны DJ-сэт у стылі world music.
Фестываль "Камяніца-2014" агучыў першага ўдзельніка. Лідар украінскага гурта "Воплі Відаплясава" Алег Скрыпка, як і тры гады таму, выступіць на "Камяніцы" з дыджэйскім танцавальным сэтам, падчас якога пазнаёміць публіку з хітамі і навінкамі world music.
"DJ-выступ Алега Скрыпкі на нашым фэсце ў 2011 годзе стаў адным з лепшых момантаў за ўсю гісторыю "Камяніцы". З таго часу нас шмат хто прасіў запрасіць яго яшчэ раз. Мяркую, што за тры гады ўсе паспелі засумаваць па Алегу, а ён паспеў сабраць ў сваю сусветную фолк-калекцыю новых яскравых песень для беларускай публікі, таму будзем рады зноў сустрэцца на нашай сцэне", — кажа каардынатар фестывалю Сяргей Чагрынец.
Сам Скрыпка з задавальненнем адгукнуўся на запрашэнне арганізатараў.
"Я лічу, што этнічны фестывальны рух цяпер грае асабліва важную ролю, — перакананы музыка. — Ён аб’ядноўвае народ, аб’ядноўвае краіны і спрыяе збудаванню гарманічных міжнародных стасункаў".
Імёны астатніх удзельнікаў фэсту а таксама кошты квіткоў будуць абвешчаныя на наступным тыдні. У дадатак да музычнай праграмы гасцей чакаюць традыцыйныя забавы, рамёствы і стравы нацыянальнай кухні.
Грошы, атрыманыя ад продажу квіткоў, пойдуць на рэканструкцыю і захаванне ўнікальных экспанатаў Музея народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо пад Мінскам (4 км. за аўтарынкам "Малінаўка), дзе і адбываецца фэст. Генеральны партнёр мерапрыемства — ААТ "Банк БелВЭБ".
Нагадаем, арганізатары "Камяніцы" шукаюць фатографаў і мастакоў, якія працуюць у рэчышчы нацыянальнай культуры і жадаюць паказаць свае працы шырокай публіцы. Свае прапановы дасылайце да 27 жніўня на [email protected] з апісаннем, прыкладамі прац і кантактамі.