На "Камяніцы" выступіць “Палац”, "ДахаБраха" і Orkiestra Sw. Mikolaja

Хэдлайнерамі пятага фестывалю фолк-музыкі "Камяніца" стануць гурты "Палац", "ДахаБраха" і Orkiestra Sw. Mikolaja. А сам фэст пройдзе цягам двух дзён — 6 і 7 верасня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту, што ў Азярцы пад Мінскам.


Адкрыецца "Камяніца" 6 верасня "Сяброўскай вячэрай", якая збярэ ўдзельнікаў фестывалю за ўсе 5 гадоў. Гасцей чакае прэзентацыя маляўнічай кінастужкі "Гісторыя беларускай страўні", кулінарны майстар-клас ад страўні "Камяніца" з дэгустацыяй, а таксама музыка. Падчас імпрэзы адбудуцца міні-прэзентацыі альбомаў гуртоў "Палац", "Аляксандра і Канстанцін" і Ірэны Катвіцкай. Музычны хэдлайнер вечара – гурт Shuma, які спалучае фолкавыя спевы з сучаснай электронікай.


7 верасня чакаецца вялікі фестывальны дзень. На галоўнай сцэне выступяць вядомыя беларускія гурты "Палац", "Стары Ольса", Guda, а таксама замежныя госці: "ДахаБраха" (Украіна), Orkiestra Sw.Mikolaja (Польшча), Hvarna (Расія) і "Фолкнери" (Украіна). На малой – дзіцячыя фолк-калектывы з розных куткоў краіны.


Па словах дырэктара фестывалю Сяргея Чагрынца, сёлетняя "Камяніца" адметная зорным складам выступоўцаў, кожны з якіх папулярны ў сваёй краіне і за межамі. Запрасіць менавіта гэтых музыкаў арганізатары хацелі і раней, але “цяпер было прасцей вырашыць усе пытанні, таму што фестываль ужо мае вядомасць за мяжой".


Таксама гледачоў чакаюць выставы, забавы, танцы і кірмаш. Грошы за ўваход, а гэта 30 тысяч для дарослых і 15 тысяч для школьнікаў і студэнтаў, як заўжды ідуць на рахункі Музея народнай архітэктуры і побыту, каб захоўваць драўляныя экспанаты XVIII-XX стагоддзяў. Уваход у нацыянальных строях бясплатны.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі