На Капыльшчыне затрымалі мужчыну, які пашкодзіў агароджу мемарыяльнага комплексу

Помнік у аграгарадку

Помнік у аграгарадку / yandex.by

У Капыльскім раёне Мінскай вобласці затрымалі 38-гадовага мужчыну, які 8 сакавіка пашкодзіў агароджу мемарыяльнага комплексу "Магіла ахвяр фашызму" ў аграгарадку Новыя Дактаровічы. Як піша Следчы камітэт, "з хуліганскіх меркаванняў ён нанёс два ўдары нагой па бетоннай панэлі". Пры гэтым вясковец быў у стане алкагольнага ап'янення.

СК з пафасам паведамляе, што "напярэдадні 80-годдзя Дня Вялікай Перамогі, калі ўся краіна рыхтуецца ўшанаваць памяць загінуўшых герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, адбыўся абуральны выпадак пашкоджання помніка". Мужчына "праявіў цынічную непавагу да святога месца", здзейсніў "блюзнерскі ўчынак".

Сцвярджаецца, што затрыманы "раскаяўся ў зробленым і прынёс свае прабачэнні за свой амаральны ўчынак". Следчым ён яго патлумачыў "празмерным ужываннем алкаголю" і паабяцаў "у бліжэйшы час самастойна ліквідаваць пашкоджанні і цалкам пакрыць нанесеную шкоду". Крымінальную справу распачалі за "хуліганства".

Пашкоджанні, відаць, нязначныя, таму СК не апублікаваў фотаздымкаў з месца здарэння. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.