На колькі казахскі тэнге дэвальвуе беларускі рубель?

Адразу на 20 адсоткаў патаннела раніцай 11 лютага валюта аднаго з удзельнікаў Мытнага саюза — Казахстана. Няўпэўнена паводзіць сябе ўкраінская грыўна, вагаецца расійскі рубель. Як гэта адаб’ецца на беларускім рублі, і што чакае айчынны экспарт?

Гэта ўсё прыкметы так званай “валютнай вайны”, калі адбываецца “канкурэнтная дэвальвацыя валют”, сцвярджае фінансавы аналітык  афіцыйнага партнёра "Альпары" ў Мінску Вадзім Іосуб. Паводле яго слоў, спачатку года ўжо дэвальвавалі свае валюты Аргенціна, Турцыя, падае курс грыўны і расійскага рубля. Цяпер прыйшла чарга Казахстана.

Вадзім Іосуб: “У сітуацыі, калі зніжаюцца валюты ў краін-суседзяў, стабільная нацыянальная валюта прыводзіць да пагаршэння пазіцый экспарцёраў. А ў нас з экспартам і так не ўсё ў парадку. Таму, я мяркую, адказам на тое, што адбываецца, будзе паступовае зніжэнне беларускага рубля”.

Эксперт упэўнены, што паўтараць вопыт “разавай дэвальвацыі 2011 года” Беларусь не будзе — дэвальвацыя беларускага рубля будзе праходзіць плаўна, як у Расіі. У выніку, лічыць Іосуб, да канца года наша валюта “патаннее” на 15-20% і курс яе складзе 11-11,5 тысяч рублёў за долар.

Менш аптымістычна глядзіць на сітуацыю эканаміст Яраслаў Раманчук. Песімізму яго прагнозам будучага беларускай валюты дадае дэфіцыт плацёжнага гандлёвага балансу і неабходнасць выплат па замежных валютных крэдытах. Гэта павінна прымусіць улады хутчэй дэвальваваць рубель.

Яраслаў Раманчук: “Калі гэтага не зрабіць, то ціск, які ужо адчувальны ў нашай сістэме, прывядзе да таго, што прамысловыя прадпрыемствы будуць страчваць, найперш, расійскі рынак — будуць больш канкурэнтныя ўкраінскія, казахскія і расійскія тавары. А па-другое, мы давядзём сітуацыю да той, што была ў 2011 годзе, калі цягам трох месяцаў улады і Нацыянальны банк нічога не рабілі і чакалі”.

Калі эканамічная палітыка будзе “больш-менш разумная”, прагназуе Раманчук, то да канца года беларускі рубель дэвальвуецца на 30-40% — да 13700 рублёў за долар.

Наўрад ці ўлады рашацца на разавую дэвальвацыю, супакойвае дырэктар кансалтынгавай кампанііSinkevich Technologies IncАляксандр Сінкевіч. Хутчэй, Нацбанк будзе прытрымлівацца стратэгіі плаўнай дэвальвацыі ў межах 11% цягам года. Што прывядзе з праблем з экспартам. А ў выніку, з самой вытворчасцю.

Аляксандр Сінкевіч: “Я не думаю, што гэты год будзе прарыўны для беларускага экспарту — сапраўды, будзе вельмі цяжкі год. Адпаведна, будзе падзенне прамысловай вытворчасці, пераход на нейкія трохдзёнкі на заводах і павелічэнне рэальнага, а можа, і схаванага, беспрацоўя. А гэта — чарговы адток беларускіх кадраў у суседнія краіны”.

Калі дэвальвацыя будзе кіраванай, то рубель, па прагнозах Сінкевіча, да канца года палягчэе на 20% і складзе 12 тысяч рублёў за долар. Калі здарыцца чарговы форс-мажор у выглядзе “калійнай вайны” ці закрыцця “растваральнага бізнесу”, то без паўтору дэвальвацыі-2011 не абысціся, і спрагназаваць курс становіцца нерэальным.

А вось навуковец-эканаміст, дарадца прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пётр Нікіценка раіць спаць спакойна і не звяртаць увагі на тое, што адбываецца з валютамі краін-суседзяў. Маўляў, гэта іх пытанні. А наша фінансавая сістэма гатовая да розных варыянтаў развіцця падзей.

Пётр Нікіценка: “Вядома, у нейкай ступені гэта адаб'ецца на таваразвароце, але не да такой ступені, каб сёння думаць пра змену валютнай палітыкі, якая цяпер у нас ёсць. Вось, у межах нашых 10 тысяч (беларускіх рублёў за амерыканскі долар — Еўрарадыё) мы пару гадоў павінны праіснаваць. А там бачна будзе”.

На ўдакладненне, ці зменшацца продажы, да прыкладу, беларускіх трактароў у Казахстане Пётр Нікіценка адказвае як сапраўдны акадэмік: “У нейкай ступені гэта адаб'ецца (дэвальвацыя тэнге на продажы беларускіх трактароў — Еўрарадыё), але на таваразвароце нічога не адаб'ецца, абсалютна”.

Сапраўды экспарцёрам асцерагацца няма чаго, цікавіцца Еўрарадыё ў дылера МТЗ у Казахстане. Падзення продажу трактароў яны не баяцца?

Менеджар па продажах “Гандлёвага дома Беларускі трактар”: “Не, апасаемся падзення ўзроўню продажаў. Грошы ж у людзей засталіся тыя ж, у тэнге, а тэхніка можа падаражаць на пэўную суму”.

На якую, казахскія дылеры яшчэ не падлічылі. Прычым, кошт вырасце нават калі пералічваць у долары. Да дэвальвацыі казахскай валюты беларускі трактар базавай камплектацыі, кажа суразмоўца Еўрарадыё, у пераліку каштаваў 21 тысячу долараў. Цяпер будзе яшчэ даражэй. Радуе, дзеліцца менеджар, толькі тое, што адначасова падаражае і расійская, і кітайская тэхніка. І што беларускія трактары карыстаюцца попытам.

Фота: http://kapital.kz

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі