На конны помнік князю Міндоўгу ў Навагрудку патрэбна яшчэ 18 тысяч рублёў
Працягваецца збор грошай на помнік князю Міндоўгу ў Навагрудку.
Цяпер ідзе другі этап стварэння помніка, расказаў Еўрарадыё навагрудскага аддзялення ТБМ Дзмітрый Солтан. Папярэдні праект помніка з эскізам быў ухвалены, скульптары Сяргей Бандарэнка і Павел Лук ствараюць працоўную мадэль помніка.
"Паралельна са стварэннем мадэлі мы збіраем грошы на канчатковую праектна-каштарысную дакументацыю, архітэктурны план, макет у натуральную велічыню ды іншыя падрыхтоўчыя рэчы. На сённяшні дзень выканкамам і людзьмі папярэдне сабрана 8200 рублёў на гэтыя працы, але патрабуецца яшчэ 18 000 рублёў. Каб праца над помнікам ішла інтэнсіўна і бесперапынна, мы, беларусы, мусім сабраць гэтыя грошы. Ніхто акрамя нас гэта не зробіць", — падкрэсліў Солтан.
Вялікая бронзавая конная скульптура Міндоўга ўпрыгожыць цэнтральную плошчу Навагрудка. Яе ўстаноўка ўхваленая Міністэрствам культуры.
Рэквізіты для ахвяраванняў:
Аддзел культуры Навагрудскага райвыканкама
УНП 500031377 у ЦБП № 416 г. Навагрудак філіял № 413 ААТ "АСБ Беларусбанк", г. Ліда
БІК AKBBBY21413
BY72AKBB36425210006224200000 (з паметкай "На стварэнне помніка Міндоўгу")
Міндоўг (1195-1263) быў стваральнікам і першым князем Вялікага княства Літоўскага. Ён стаў першым і апошнім каралём ВКЛ, атрымаўшы гэты тытул ад рымскага папы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.