На Лукашэнку падалі заяву ў пракуратуру Германіі

Да нямецкіх адвакатаў звярнуліся беларусы, пацярпелыя ад гвалту / TUT.BY​
Да нямецкіх адвакатаў звярнуліся беларусы, пацярпелыя ад гвалту / TUT.BY​

У Федэральную пракуратуру Германіі паступіла заява аб здзяйсненні Аляксандрам Лукашэнкам злачынстваў супраць чалавечнасці. Заяву ад імя беларусаў падалі чацвёра нямецкіх адвакатаў, паведамляе Deutsche Welle.

Гаворка ідзе пра гвалт, які ўжываўся ў дачыненні да мірных грамадзян пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе. Беларусы, якія звярнуліся да нямецкіх адвакатаў, казалі пра цялесныя пакаранні, катаванні пазбаўленнем ежы і сну, абразы і прыніжэнні, расказвалі, як гадзінамі стаялі на каленях са звязанымі рукамі. 

"У цэлым дзеянні ўладаў можна назваць толькі зверскімі", — адзначылі адвакаты.

У заяве яны таксама кажуць аб беспакаранасці сілавых структур, якія практыкуюць катаванні. Ніводнай крымінальнай справы па фактах гвалту з боку сілавікоў у Беларусі так і не было распачата.

У сувязі з гэтым адвакаты заклікалі Германію правесці незалежнае расследаванне гэтых злачынстваў. Гэта магчыма зрабіць у рамках так званай універсальнай юрысдыкцыі. Механізм дае магчымасць прыцягваць да крымінальнай адказнасці за злачынствы, забароненыя міжнародным правам і здзейсненыя ў іншых дзяржавах.

Раней пра гатоўнасць правесці расследаванне ў рамках універсальнай юрысдыкцыі па фактах гвалту ў дачыненні да беларусаў заяўлялі і ў Літве.

У прыватнасці, было пачатае дасудовае расследаванне злачынстваў супраць чалавечнасці па скарзе беларускага бізнесмена Максіма Харошына. У Мінску ў яго была крама кветак. Пасля жорсткага затрымання і знаходжання ў РУУС Харошын апынуўся ў бальніцы. У кастрычніку ён разам з сям'ёй з'ехаў у Літву.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі