На “Лукойле” патлумачылі, чаму на АЗС у Мінску замест дызелю ішло паветра
Паломка дэталі палівараздатачнай калонкі стала прычынай таго, што замест дызелю аўтамабіліст запраўляўся… паветрам. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў кампаніі “Лукойл Беларусь”.
Відэа здарэння ў рэдакцыю Еўрарадыё даслалі нашы слухачы. На ім мужчыны дэманструюць, як са шланга нічога не цячэ, але лічыльнік адмотвае літры паліва. Сітуацыя адбывалася 2 лютага на сталічнай АЗС №61 каля МКАД на праспекце Незалежнасці.
“Устаноўлена, што прычынай знятай на відэа няспраўнасці стала пазаштатная сітуацыя — паломка дэталі палівараздатачнай калонкі, — распавялі Еўрарадыё ў кампаніі “Лукойл-Беларусь”. — Несанкцыянаванае ўмяшанне ў працу ПРК выключанае. Абсталяванне праверанае дзяржаўным правяральнікам, цэласнасць пломбаў не парушаная. Пасля ліквідацыі няспраўнасці ПРК працуе ў штатным рэжыме”.
Начальнік адміністратыўнага аддзела “Лукойл Беларусь” Уладзімір Кабанаў запэўнівае, што, насамрэч, ніхто паветрам не запраўляўся.
Уладзімір Кабанаў: “Кліент атрымаў цалкам аплачаны аб’ём. Чалавек выцягнуў пісталет, адпусціў курок і проста звярнуў увагу, што з-за няспраўнасці калонкі пракручваўся лічыльнік. Сенсацыя ёсць, але яна не такая страшная, кліент паліва атрымаў. У нас не было скаргі ад кліента. Як толькі мы гэта заўважылі, то спынілі працу калонкі”.
Па словах Кабанава, больш ніхто са скаргамі на калонку і лічыльнік не звяртаўся.