На Магілёўшчыне 16 новых крымінальных спраў за гвалт у дачыненні міліцыянераў
Міліцыянеры не разумеюць, чаму на іх сталі часта нападаць
На Магілёўшчыне ў 2024 годзе распачалі 16 крымінальных спраў за гвалт у дачыненні міліцыянераў. Усе іх фігуранты знаходзяцца за кратамі, паведамляе прэс-служба магілёўскай міліцыі.
Гэта даволі шмат. Напрыклад, у 2023-м на Гродзеншчыне за няпоўны год было 29 такіх крымінальных спраў, а на Гомельшчыне — 20.
У магілёўскай міліцыі абураюцца, што дагэтуль ёсць грамадзяне, якія "дазваляюць сабе не падпарадкоўвацца іх законным патрабаванням, аказваюць актыўны супраціў, публічна абражаюць праваахоўнікаў, а некаторыя нават заяўляюць ілжывую інфармацыю аб нібыта здзяйсненні міліцыянерам злачынства". Сцвярджаецца, што ў большасці выпадкаў яны рашаюцца на супраціў у стане алкагольнага ап'янення.
У сакавіку ў вёсцы Нікіцінічы пад Магілёвам нецвярозы 27-гадовы мужчына напаў на ўчастковага інспектара міліцыі, якая на вуліцы праводзіла "прафілактычную тлумачальную працу". Ён яе абражаў, пагражаў гвалтам і нават схапіў за форму і зрабіў "фізічнае ўздзеянне". Пазней яго затрымала міліцыя, распачатая крымінальная справа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.