На месцы пажара ў Чарнобыльскай пушчы застаюцца ачагі тлення
Радыяцыйны фон пры гэтым не змяніўся.
У зоне адчужэння каля Чарнобыльскай АЭС застаюцца асобныя ачагі тлення на месцы ляснога пажара, паведамляе ВВС са спасылкай на Дзяржаўную службу Украіны па надзвычайных сітуацыях. Паводле інфармацыі ведамства, раніцай 2 траўня рабілася праліўка асобных ачагоў тлення лясной посцілкі і назіранне за імі.
Радыяцыйны фон у раёне пажара, паводле звестак украінскіх уладаў, застаецца ў межах нормы і складае ў сярэднім 20 мкР/гдз.
Пажар у Чарнобыльскай зоне адчужэння пачаўся 28 красавіка і ахапіў плошчу каля 320 гектараў. Да яго ліквідацыі прыцягнулі болей за 300 чалавек і 50 адзінак тэхнікі, у тым ліку авіяцыю.
На наступны дзень пажарныя паведамілі, што агонь у раёне магільнікаў з адкідамі ў чарнобыльскай зоне цалкам ліквідаваны, аднак, як паведамляюць украінскія СМІ, з’явіліся новыя ачагі ўзгарання.