На Міншчыне выяўлены шэрыя схемы продажу масак, затрыманы мексіканец

На Міншчыне выяўлены шэрыя схемы продажу масак, затрыманы мексіканец

У Мінску і Мінскай вобласці выяўлены шэрыя схемы продажу масак, паведамляе ў Telegram прэс-служба МУС. 21 красавіка аператыўнікі затрымалі мікрааўтобус, у якім знаходзілася 164 тысячы медыцынскіх масак. Быў затрыманы ўраджэнец Мексікі, які мае від на жыхарства ў нашай краіне. Высветлілася, што індывідуальны прадпрымальнік не першы раз атрымліваў на адным з мінскіх прадпрыемствах маскі. Раней ім было куплена там 408 тысяч масак.

Як вядома, паводле рашэння ўраду, прадпрыемствы ўсіх формаў уласнасці павінны пастаўляць маскі толькі на прадпрыемствы "Фармацыя" і "Белмедтэхніка". Аднак прадпрыемству больш выгадна рэалізоўваць яшчэ дэфіцытны тавар камерцыйным структурам: дзяржструктуры купляюць маску за 10 капеек, а прадпрымальнікі — за 1 рубель! Апошнія ў далейшым прадавалі іх насельніцтву ці перапрадавалі медустановам. Высветлілася, што ў сакавіку-красавіку 2020-га згаданае прадпрыемства прадало камерцыйным структурам больш за 2,8 млн масак. У той жа час "Фармацыя" і "Белмедтэхніка" атрымалі толькі 287 тысяч — 10% ад агульнага аб'ёма.

Таксама 21 красавіка ва Уздзе выявілі буйнога вытворцу сродкаў індывідуальнай абароны, які прадаваў іх камерцыйным прадпрыемствам. Цікава, што раней ён паведаміў "кампетэнтным органам", што не можа выпускаць маскі з-за сапсаванага абсталявання і складанасцяў з набыццём сыравіны. Аднак вытворчасць не спынялася! За дзень выпускалася 30-35 тысяч масак. Агулам вытворца прадаў каля 450 тысяч ахоўных масак.

Па абодвух фактах праводзіцца праверка. Парушальнікаў за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі