На міжнароднікаў у БДУ ідуць, маючы 393 балы з 400 магчымых
А ў Гомелі фізрукі папулярнейшыя за геолагаў. Падаваць дакументы абітурыенты прыходзяць цэлымі сем'ямі.
Падаваць дакументы абітурыенты прыходзяць цэлымі сем'ямі: мама, тата з дачкой ці сынам. Часам разам з імі малодшыя браты ці сёстры: цэлае свята.
Вадзім пасля мінскай школы падае дакументы ў БДУ на факультэт радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій. Прыйшоў з мамай:
"За некалькі месяцаў да паступлення вырашыў, што туды пайду. Спецыяльнасць добрая, магчымасцяў шмат. Я глядзеў, куды можна ўладкавацца пасля гэтай спецыяльнасці".
Мікалай скончыў гімназію і вырашыў паступаць на той жа факультэт. Таксама будзе айцішнікам:
"Выбраў БДУ, у БДУІР па балах не праходжу. А тут праходжу нармальна, у мяне 270 балаў з трох тэстаў і атэстата. Лепш за ўсё здаў беларускую мову — на 82 балы. Рыхтаваўся з 10 класа".
Яго сябра Ягор ідзе ў юрысты, бо ўся сям'я гэтым займаецца. Хвалюецца, што не пройдзе на бясплатнае, але не мяняе спецыяльнасць:
"Тры гады таму вызначыўся, бо ўся сям’я юрысты. Я набраў 266, таму хутчэй за ўсё толькі на платнае. Зараз там яшчэ памянялі экзамены, замест матэматыкі — замежная мова. Таму няясна, які будзе прахадны".
Самы папулярны ў другі дзень падачы ў БДУ — факультэт матэматыкі і інфарматыкі. Сюды, па інфармацыі на 15 гадзін ужо падаліся 107 чалавек. 15 з іх паступаюць без экзаменаў — пераможцы алімпіяд.
Сярод выдатнікаў самы папулярны факультэт міжнародных адносінаў. Сюды ідуць з самымі высокімі баламі: 393 з 400 магчымых!
А вось у філолагі ісці не хочуць — толькі 10 чалавек на 75 бюджэтных месцаў. На эканамічным пакуль 15 чалавек на 34 месцы.
Больш за сто чалавек запаўняе дакументы на падачу ў Педагагічным універсітэце імя Танка. Там сустракаю будучую настаўніцу Марыю, хоча працаваць з малымі дзецьмі:
"Хочацца працаваць з малымі, я гэта вырашыла сёлета, пасля Новага года. У мяне каля 200 з трох тэстаў і атэстата. Рыхтавалася самастойна і ў школе".
На гэты факультэт пачатковай адукацыі ўжо падаліся 75 чалавек па інфармацыі на 15 гадзінаў, такім чынам, у Педагагічным гэта самы папулярны факультэт. Менш за ўсё хочуць быць псіхолагамі: тут пакуль толькі 10 абітурыентаў.
У Магілёве ў цане перакладчыкі: ва ўніверсітэт імя Куляшова на гэтую спецыяльнасць падаецца 25 чалавек. Потым ідуць факультэт фізічнага выхавання і факультэт эканомікі і права. А вось за інфарматыкаў адміністрацыя перажывае: ніхто не падаўся.
"Менш за ўсё людзей на факультэце матэматыкі і прыродазнаўчых навук. А на спецыяльнасць “інфарматыка” наогул пакуль ніхто не падаўся", — тлумачаць у прыёмнай камісіі.
Больш за ўсё хочуць вучыцца на фізрукоў у Гомельскім універсітэце Скарыны — паўсотні чалавек. А менш за ўсё хочуць быць геолагамі, такіх пакуль толькі 14.
Прыёмная кампанія ва ўніверсітэтах працягнецца да 2 жніўня. Паводле падлікаў Еўрарадыё, сёлета на бюджэт зможа трапіць кожны трэці абітурыент.