На "міжнародны" тэатральны фэст у Магілёве заявіліся толькі Расія і "ЛНР"

Магілёўскі абласны драмтэатр / museumhm.by
20—27 сакавіка ў Магілёве 18-ты раз пройдзе Міжнародны моладзевы тэатральны форум "М.@rt.Кантакт". Арганізатары фэсту ўжо абвясцілі пра пачатак продажу квіткоў на спектаклі.
Праўда, ад міжнароднага статусу засталася хіба толькі назва. Як заўважыла "Наша Ніва", акрамя ўласна беларускіх труп у праграме пераважна госці з розных куткоў Расіі, а таксама з Луганска, акупаванага той жа Расіяй.
У спектаклях вялікая ўвага надаецца рускім персаналіям і аўтарам — напрыклад, Чэхаву ці Пушкіну. А музычная камедыя "Перад кінасеансам. Тры музыканты і мая Марусенька", пастаўленая Маскоўскім тэатрам "Каля дома Станіслаўскага", абяцае "перанесці гледача ў савецкую эпоху, нараджаючы настальгію па далёкіх часах".
Звяртае на сябе ўвагу і кошт квіткоў — 80-100 рублёў за спектакль. Для многіх магілёўцаў такія цэны будуць занадта высокімі.
Раней форум "М.@rt.Кантакт" быў адной з самых цікавых тэатральных падзей краіны. За час яго існавання ў Магілёў прывезлі больш за 300 спектакляў з 20 краін свету. Яшчэ ў 2020 годзе ў праграме фэсту былі прадстаўнікі з Польшчы, Літвы, Грузіі, Сербіі. Пасля таго праграма з кожным годам змяншае сваю геаграфічную разнастайнасць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.