На могілках байцоў Арміі Краёвай у Варзянах знішчылі мемарыяльную шыльду
Могілкі салдат Арміі Краёвай у Варзянах да і пасля акту вандалізму / glosznadniemna.pl
У Гродзенскай вобласці адбыўся чарговы акт антыпольскага вандалізму. Невядомыя знішчылі мемарыяльную шыльду на могілках салдат Арміі Краёвай у вёсцы Варзяны Астравецкага раёна, піша выданне Саюза палякаў Беларусі "Głos znad Niemna".
На могілках знаходзіцца вялізны камень, на якім былі прымацаваныя дзве гранітныя таблічкі. На адной быў надпіс па-польску: "Байцам 5-й Віленскай брыгады Арміі Краёвай, якія загінулі 31 студзеня 1944 года ў пераможным баі з часцямі нямецкага вермахта ля вёскі Варзяны. Хвала іх памяці". На другой быў надпіс па-беларуску: "Магілы польскіх партызанаў, якія загінулі 31.01.1944 у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі".
У Варзянах пахаваныя не менш за 18 байцоў Арміі Краёвай. Іх магілы знаходзяцца пад падпісанымі каменнымі крыжамі. Партызаны Арміі Краёвай загінулі ў баі, калі нямецкія часці спрабавалі акружыць Варзяны. Партызаны спярша прымусілі фашыстаў адступіць, а потым цалкам разбілі. Немцы страцілі ў баі 63 чалавекі, партызаны — 19 байцоў.
Магілы ўпарадкавалі на пачатку 90-х ветэранскія арганізацыі Віленшчыны. Даглядаюць іх мясцовыя жыхары-палякі і моладзь з Астраўца, якая вывучае польскую мову.
За апошнія паўгода гэта ўжо восьмы акт вандалізму на пахаваннях і мемарыялах байцоў Арміі Краёвай на Гродзеншчыне. Пры гэтым беларускія ўлады вядуць пастаянную антыпольскую прапаганду.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.