На мясцовых выбарах кандыдаты ад апазіцыі будуць змагацца паміж сабой?

Адначасова былыя камуністы будуць рэкламаваць новы брэнд сваёй партыі, а БНФ паспрабуе правесці рэферэндум супраць павышэння пошлін на замежныя аўто Выбары дэпутатаў у мясцовыя саветы найхутчэй пройдуць у красавіку. Прынамсі, пра гэта Цэнтрвыбаркам папярэдне дамовіўся з прэзідэнтам, распавёў Еўрарадыё сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Між тым, паводле яго слоў, дакладная дата выбараў стане вядомая пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка падпіша адпаведны ўказ. А гэта не раней за 20 студзеня.

Як стала вядома Еўрарадыё, у чаканні выбараў апазіцыя ўжо распачала нябачную, але актыўную падрыхтоўчую працу. Згодна са словамі члена ЦК партыі аб'яднаных левых “Справядлівы свет” Сяргея Вазняка, былыя камуністы плануюць вылучаць максімальную колькасць кандыдатаў як на выбары ў мясцовыя саветы, так і ў выбарчыя камісіі.

Сяргей Вазняк: “Вызначаныя патэнцыйныя кандыдаты. Як сябры партыі, так і тыя, хто з’яўляецца нашым прыхільнікам, сімпатызуе нашай праграме — людзі, якія могуць пайсці кандыдатамі. Гэта ўжо вызначана ў абласных камітэтах і заўтра на Бюро мы будзем мець спіс, больш-менш набліжаны да таго, які будзе ў красавіку. Вызначаныя кандыдаты, якіх мы будзем рэкамендаваць у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў. Пад кандыдатаў падбіраюцца каманды”.

Колькі канкрэтна выбарчых акруг змогуць “закрыць” былыя камуністы, Сяргей Вазняк пакуль сказаць не здольны. Але, згодна з яго словамі, зрабіць гэта ў рэгіёнах ім будзе прасцей, чым у сталіцы.

Сяргей Вазняк: “Для нас большая праблема Мінск "закрыць" — у нас больш моцныя арганізацыі ў рэгіёнах. У Мінску мы не так шмат акругаў "закрыем", як хацелася б, у параўнанні з некаторымі абласцямі”.

На выбары былыя камуністы пойдуць з лозунгам “За справядлівы свет”. Найперш, кажа Вазняк, такім чынам яны будуць “рэкламаваць” новую назву былой Партыі камуністаў Беларускай. А па-другое, справядлівасць — гэта тое, за што выбаршчыкі прагаласуюць. Новы брэнд плюс змены ў выбарчым заканадаўстве надаюць веры, што некалькі сябраў партыі стануць дэпутатамі мясцовых саветаў. Прычым, кажа, былыя камуністы не бачаць нічога дрэннага ў тым, што некалькі прадстаўнікоў апазіцыі будуць змагацца за адзін мандат.

Сяргей Вазняк: “На мясцовых выбарах гэта не існа, гэта не прэзідэнцкія выбары. Тут могуць ісці ў адной акрузе некалькі. Усё аддадзена на разгляд нашых партыйных арганізацый, яны на месцах будуць вырашаць, што ў такой-та акрузе могуць пайсці некалькі дэмакратычных кандыдатаў. А дзесьці, можа, дамовяцца розныя структуры і будуць працаваць на аднаго кандыдата. Тут няма універсальнага рэцэпту”.


Завяршаецца фармаванне спісу кандыдатаў на ўдзел у выбарах і ў Партыі БНФ. Паводле слоў яе старшыні Аляксея Янукевіча, які сам будзе балатавацца ў Мінску, яны таксама будуць імкнуцца "закрыць" як мага больш выбарчых акругаў.

Аляксей Янукевіч: “На дадзены момант завяршаецца фармаванне спісу патэнцыйных кандыдатаў. На сённяшні дзень у спісе каля 130 асоб. Мы мяркуем, што на 150 кандыдатаў мы будзем выходзіць”.

Завяршаецца, паводле яго слоў, фармаванне спісу людзей, якіх будуць вылучаць у склад выбарчых камісій. Яны будуць надзяляць асаблівую ўвагу выбарам у гарадскія і раённыя саветы ды ігнараваць выбары ў аблвыканкамы. Бо, кажа Янукевіч, гэта саветы з вельмі нізкай кампетэнцыяй.

Як і былыя камуністы, фронтаўцы хочуць скарыстаць гэтыя выбары для “карэкцыі” і фармавання новага іміджу партыі. Нават прыдумалі своеасаблівую фішку: адначасова з выбарамі правесці рэферэндум па пытанні недапушчэння падвышэння пошліны на замежныя аўтамабілі.

Але як стала вядома Еўрарадыё, нягледзячы на фармаванне свайго спісу кандыдатаў, Партыя БНФ будзе ўзгадняць яго з адзіным спісам кандыдатаў ад Беларускага незалежніцкага блока.

Аляксей Янукевіч: “Будзе чарговы раўнд перамоў па фармаванні адзінага спісу. На рэгіянальным узроўні нашы людзі таксама вядуць перамовы ў межах рэгіянальных кааліцый, і гэтыя рэгіянальныя спісы будуць упісвацца ў наш спіс БНБ. Нашы кандыдаты будуць рабіць партыйную агітацыйную кампанію, але ў межах адзінага спісу ад БНБ”.

Возьмуць удзел у выбарах у якасці незалежных кандыдатаў і сябры руху “За Свабоду”. Колькі іх будзе, дарадца старшыні руху Алесь Лагвінец пакуль не ведае. Але, кажа, адным Мінскам удзел руху ў выбарах не абмяжуецца.

Алесь Лагвінец: “У руху “За Свабоду” ёсць шмат рэгіянальных актывістаў і тыя людзі, якія актыўныя на сваіх месцах, яны, відавочна, плануюць балатавацца”.

Спіс кандыдатаў у дэпутаты ад руху таксама будзе ўзгадняцца з адзіным спісам кандыдатаў ад БНБ. Такім чынам, БНБ будзе ўяўляць нешта кшталту дэмакратычнай кааліцыі на красавіцкіх выбарах — тых, хто расчараваўся ў АДС. Тых, хто ў АДС не расчараваўся, але гатовы працаваць разам, Алесь Лагвінец заклікае да супрацоўніцтва. Праўда, гэтае запрашэнне не тычыцца камуністаў. Нягледзячы на новую назву партыі.

Алесь Лагвінец:
“Пра магчымасці поўнафарматнай выбарчай кааліцыі з такімі апазіцыйнымі партыямі, як камуністы, сёння цяжка гаварыць. Мы можам размаўляць на адной мове, калі размова ідзе пра мясцовыя праблемы, але ёсць важныя стратэгічныя пытанні для нашай краіны, па якіх мы з імі не можам пагаджацца”.

Паводле слоў намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука, АГП плануе вылучыць прыблізна 200-250 кандыдатаў у дэпутаты. А разам з партнёрамі па сваёй кааліцыі — АДС — "закрыць" усе выбарчыя акругі ў Беларусі. Хаця, як і калегі з руху “За Свабоду”, у АДС слаба вераць у тое, што нават змены ў выбарчым заканадаўстве прынясуць ім шмат дэпутацкіх месцаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі