На "Нафтан" пачала паступаць чыстая нафта з нафтаправода "Дружба"
На ААТ "Нафтан" пачала паступаць чыстая нафта праз нафтаправод "Дружба". Як паведамляе сайт ААТ "Полацктранснафта Дружба", партыя якаснай нафты разам з раздзяляльнай прыладай паступіла на лінейную вытворча-дыспетчарскую станцыю "Полацк" 3 ліпеня.
Згодна з дарожнай картай, брудная нафта з галінкі Унеча-Полацк 1 выцеснена рэверсам па нафтаправодзе Сургут-Полацк у Расію. Новая расійская нафта адпавядае стандарту, што пацвердзіла акрэдытаваная лабараторыя.
З 4 ліпеня па ачышчаным магістральным нафтаправодзе Унеча-Полацк 1 забяспечваецца адгрузка нафты на "Нафтан". Распачатыя працы па ачыстцы магістральнага нафтаправода Унеча-Полацк 2.
Скандал з пастаўкамі бруднай нафты з Расіі ў Беларусь разгарэўся напрыканцы красавіка. Ад няякаснай сыравіны па нафтаправодзе "Дружба" адмовіўся шэраг краін. Пастаўкі чыстай нафты пачаліся толькі ў траўні.
Паводле падлікаў “Белнафтахіма”, у трубаправод трапіла каля 5 мільёнаў тон няякаснай нафты. На поўнае аднаўленне працы нафтаправода на тэрыторыі Беларусі спатрэбіцца да шасці месяцаў.