На настаўніка ідуць са… 100 баламі з 400 магчымых

На настаўніка ідуць са… 100 баламі з 400 магчымых

14 ліпеня ва ўніверсітэтах скончыўся прыём на бюджэт. У БДУ сёлета прахадныя балы выраслі, асабліва на спецыяльнасцях факультэта міжнародных адносінаў. На "лінгвакраіназнаўства" можна трапіць толькі з 384 баламі з 400 магчымых. 

"Балы вышэй, чым летась — больш матываваныя абітурыенты. Адна праблема толькі: на геаграфічным факультэце, інжынерныя спецыяльнасці. Там трэба здаваць геаграфію і фізіку, фізіка традыцыйна складаней здаецца, таму пакуль маем недабор", — кажа адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў.

Універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі найбольш паспяховых абітурыентаў набраў на новую спецыяльнасць, звязаную з распрацоўкай камп'ютарных гульняў.

"Хутка запоўнілася спецыяльнасць, там будуць высокія прахадныя балы". На дзесяць бюджэтных месцаў падалося 73 чалавекі. З іх каля двух дзясяткаў мае балы больш за 360.

Эканамічны ўніверсітэт летась выкарыстоўваў новую сістэму электроннага залічэння, калі абітурыент падаецца на групу спецыяльнасцяў, а камп'ютар вылічвае, куды ён трапляе. Але інавацыя скончылася скандалам: сістэма спрацавала некарэктна. Цяпер залічваюць "па старынцы".

"У нас нічога дзіўнага, недабору няма, а папулярныя спецыяльнасці з году ў год папулярныя", — апісваюць у прыёмнай камісіі. З самымі высокімі баламі ў гэтую ВНУ ідуць на "міжнародную эканоміку", "менеджмент", "лінгвістычнае забеспячэнне міжнародных камунікацый".

У БДПУ імя Максіма Танка на "матэматыку і інфарматыку і фізіку і інфарматыку" падаюцца з 120 баламі і могуць паступіць.

Яшчэ два чалавекі падаюцца ў педагагічны на "дашкольную і пачатковую адукацыю" са 100 баламі і меней!

У Магілёве, ва ўніверсітэце імя Куляшова недабралі настаўнікаў фізікі і інфарматыкі.

"Добры конкурс сёлета на "гісторыю і археалогію". Але ёсць праблемныя месцы. "Матэматыка інфарматыка" — недабралі 4 чалавекі. І "фізіка і інфарматыка" — 10 чалавек", — апісваюць у прыёмнай камісіі. 

Цяпер у Магілёве спадзяюцца на дадатковы набор, які могуць абвясціць у шэрагу ВНУ з 26 па 28 ліпеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі