На Новы год сілавікі правялі ператрус у сваякоў палітуцекача — скакалі праз плот
Сяргей Скулавец
На Новы год, 31 снежня, міліцыянты прыйшлі з ператрусам да бабулі палітуцекача, былога журналіста тэлеканала "Белсат" Сяргея Скулаўца. Жанчыне 86 гадоў, яна жыве ў вёсцы Хорск Столінскага раёна.
"31-га вечарам зноў прыехалі з ператрусам да бабулі. Са Століна наведаўся следчы з пастановай пра ператрус, якую падпісаў пракурор з Івацэвічаў. Перад гэтым званілі маме, назваліся з міліцыі і паведамілі, што супраць мяне завялі крыміналку. Міліцыянт таксама сказаў, што яму даручылі распавесці пра тое, што калі я надумаю вяртацца, то трэба звярнуцца ў камісію памілавання. Ён распавёў гэта маме і папрасіў яе перадаць мне", — расказаў "Белсату" Скулавец.
Мужчына дадаў, што бабуля замкнула весніцы, таму міліцыянт быў вымушаны пераскокваць цераз плот.
Сам Скулавец родам з Івацэвічаў. У чэрвені 2023 года мужчына пакінуў Беларусь пад пагрозай затрымання, цяпер ён жыве ў ЗША.
30 лістапада ён расказваў, што следчыя і супрацоўнікі КДБ першы раз прыходзілі з ператрусам да яго бабулі. Сілавікоў экс-журналіст "Белсата" назваў "клоўнамі ў форме, якія носяць пагоны". Паводле яго, сілавікі самі задавалі пытанні, на якія самі адказвалі і запісвалі гэта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.