На палях і ў гаспадарках Беларусі "ненармальная сітуацыя"
Кіраўніцтва Віцебскай вобласці слухае Аляксандра Лукашэнку / t.me/vitebsk_region_officially/
На палях і ў гаспадарках Беларусі "ненармальная сітуацыя". Пра гэта ў пятніцу на нарадзе, прысвечанай жніву, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён спасылаецца на інфармацыю ад сілавікоў — кантралёраў, пракурораў і міліцыянераў.
Асноўныя прэтэнзіі — "нізкая гатоўнасць збожжаўборачнай тэхнікі, элеватараў, сховішчаў і праблемы з механізатарскімі кадрамі". Высветлілася, што камбайны не гатовыя да працы "практычна ў кожнай другой з правераных гаспадарак". Пры гэтым у асобных арганізацыях рамонтам яшчэ і не займаліся. А яшчэ пракуроры налічылі 185 выпадкаў прыпісак, калі тэхніка была гатовая да працы толькі на паперы. Найбольш такіх фактаў у Мінскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцях.
"Не ведаю, навошта гэта ашуканства і каго вы спрабуеце падмануць? — разгублена казаў Лукашэнка. — Замест таго, каб звярнуцца па дапамогу, спрабуеце схаваць праблему. А ў выніку будзе непрыбраны ўраджай і страты для ўсёй дзяржавы".
Жніво толькі пачалося, а Камітэт дзяржкантролю ўжо выявіў "факты неякаснай прыборкі ўраджаю і наплявацельскага стаўлення да яго захаванасці". "Недапушчальна!", — абурыўся кіраўнік нарады. Паводле яго слоў, яшчэ адна праблема — крадзяжы. Плюс п'янства на працоўным месцы. "Працверазіце іх там, каб больш не хацелася", — загадаў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка кіруе ў Беларусі амаль тры дзесяцігоддзі, але навесці парадак у сельскай гаспадарцы ніяк не атрымліваецца. "З года ў год не можам перамагчы адны і тыя ж праблемы", — прызнае ён.
Нядаўна афіцыйна быў прызнаны недахоп кваліфікаваных спецыялістаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.