На пажары ў Лідскім раёне загінулі двое чалавек
Увечары 23 студзеня ў вёсцы Гердзеўцы Лідскага раёна на пажары загінулі два чалавекі. Як паведамляе прэс-служба МНС, гэта былі 66-гадовая гаспадыня-пенсіянерка і 65-гадовы мужчына, які пражываў з ёй.
Пра пажар у жылым доме ратавальнікам паведаміў сведка. Ратавальнікі прыбылі на месца здарэння праз некалькі хвілінаў і пабачылі шчыльнае задымленне ў хаце. Усярэдзіне будынка байцы МНС знайшлі дваіх чалавек без прыкметаў жыцця. Агонь пашкодзіў падлогу на плошчы 5 кв.м.
Паведамляецца, што загінулыя вяскоўцы характарызаваліся з боку суседзяў не лепшым чынам: яны маглі выпіць лішняга, мужчына курыў у хаце. Пячное ацяпленне ў доме было няспраўнае: комін не абтынкаваны і не пабелены, на паверхні печы былі расколіны.
Акрамя таго, у электралічыльніку ратавальнікі выявілі саматужныя засцерагальнікі — так званыя "жучкі". Электраправодка ў жылым пакоі была трухлявая, з пашкоджанай ізаляцыяй.