На перамовах Кантактнай групы дамовіліся вызваліць з палону 50 чалавек
Першае ў 2016 годзе пасяджэнне Кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне прайшло 13 студзеня ў Мінску. Як і ранейшыя, яно адбылося ў "Прэзідэнт-гатэлі".
Падчас сустрэчы бакі чарговы раз агучылі, што галоўнае на сёння — поўнае спыненне агню на Данбасе. Адпаведна, украінская дэлегацыя падтрымала ініцыятыву прадстаўніка Расіі Барыса Грызлова пра аб’яўленне рэжыму цішыні, які павінен пачацца тэрмінова. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла Дарка Аліфер, прэс-сакратар экс-прэзідэнта Леаніда Кучмы, прадстаўніка афіцыйнага Кіева ў Кантактнай групе.
Дарка Аліфер: “Асаблівая ўвага была нададзеная пытанню вяртання ўкраінскіх грамадзян з палону. З ініцыятывы Украіны ўсе бакі прыйшлі да ўзаемнага пагаднення бліжэйшым часам вызваліць 50 чалавек з абодвух бакоў — у першую чаргу параненых, цяжка хворых і жанчын. Міжнародныя гуманітарныя арганізацыі, у прыватнасці Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа, павінны быць дапушчаныя да зняволеных, якія знаходзяцца на частцы Данбасу, якую не кантралюе Украіна. Прадстаўнікі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей неаднаразова абяцалі гэта зрабіць, але пакуль не выканалі сваіх абяцанняў”.
Нагадаем, на апошнім у 2015 годзе пасяджэнні Кантактнай групы была дасягнутая дамоўленасць наконт рэжыму цішыні падчас святкавання Раства і Новага году, але на практыцы ніхто яго не прытрымліваўся.
Дата наступнай сустрэчы пакуль не вядомая. Паводле папярэдніх звестак, бакі дамовіліся збірацца ў Мінску двойчы на месяц.
Летась прадстаўнікі Кантактнай групы падпісалі пагадненне з 13 пунктаў, згодна з якім павінна было праходзіць урэгуляванне канфлікту на Данбасе. Першым пунктам там таксама было патрабаванне поўнага спыненню агню. У выніку ніводзін пункт таго пагаднення так і не быў выкананы.