На прысуд жанчыне, якая выкінула з акна 9-га паверха сабаку, сабралі шахцёраў

"Ён мяне дастаў", — так тлумачыла свой учынак жанчына

"Ён мяне дастаў", — так тлумачыла свой учынак жанчына / shahter.by

У Салігорску асуджана жанчына, якая выкінула сабаку з акна 9-га паверха. Справу разглядаў суд Салігорскага раёна. Жанчыне прызначана пакаранне ў выглядзе папраўчых работ на 1 год з утрыманнем у даход дзяржавы 20% заробку (не менш за 1 базавую велічыню (40 рублёў) штомесяц). Як паведамляе мясцовая газета, выязное судовае пасяджэнне праходзіла ў прысутнасці супрацоўнікаў "Беларуськалія". Высветлілася, што абвінавачаная працавала на прадпрыемстве ўпакоўшчыцай.

Здарэнне адбылося ў ліпені. Сабака чыхуахуа загінуў. Відавочцамі сталі альпіністы, якія працавалі на фасадзе шматпавярховіка. Яны і выклікалі міліцыю. Па факце жорсткага абыходжання з жывёлай была распачатая крымінальная справа.

У той дзень 40-гадовая жанчына была ў стане алкагольнага ап'янення. Яна прыйшла да бацькі-пенсіянера, прынесла прадукты і збіралася навесці парадак у кватэры. А ён у чарговы раз паскардзіўся на сабаку, які яму дастаўся ад унучкі. Дачка пасля гэтага схапіла сабаку і выкінула ў акно.

У судзе жанчына раскаялася ў зробленым. Суд прызнаў яе вінаватай у "жорсткім абыходжанні з жывёлай, што пацягнула яе гібель, здзейсненым з хуліганскіх памкненняў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі