На прыватных падворках 31 вёскі пад Магілёвам хочуць знішчыць усіх свіней
Гэтыя населеныя пункты знаходзяцца ў пяцікіламетровай зоне ад фермаў, дзе агулам знаходзіцца каля 60 тысяч свіней.
Навіна пра планы забою свіней заспела вяскоўцаў Магілёўскага раёна знянацку. Ім толькі раскідалі ўлёткі па паштовых скрынях і вывесілі аб’явы ў людных месцах. Ніхто не збіраў людзей, каб іх супакоіць і нешта ім патлумачыць.
Тым часам толькі ў адной вёсцы Сумарокава на прыватных падворках гадуецца не менш за 500 свіней. Некаторыя людзі адмыслова разводзяць жывёл, каб прадаваць мяса.
Мясцовая прадпрымальніца Кацярына Музыкантава кажа, што прыватных свіней загадалі выразаць, а на мясцовай свінаферме пагалоўе толькі павялічваецца. Прадпрымальніца адзначае, што паводле чутак, якія ходзяць па Мінскім рынку Магілёва, ад 1 верасня свініна мусіць падаражэць у два разы.
Музыкантава дадае, што вёска Сумарокава знаходзіцца ў 6,5 км ад бліжэйшай свінафермы. Паводле ветэрынараў, 5-кіламетровая каранцінная зона закранае некалькі падворкаў. Але каб нікому не было крыўдна, было вырашана вынішчыць свіней ва ўсёй вёсцы.
Фота — vilagxo.livejournal.com