На прыватызацыю кватэр дадуць не год, а паўтара года?

Як даведалася Еўрарадыё, указ прэзідэнта аб пераводзе непрыватызаванага жылля ў фонд камерцыйнага ўжо гатовы, пытанне толькі за подпісам кіраўніка краіны.

“Праект указа ўжо ёсць, ён знаходзіцца на разглядзе кіраўніка дзяржавы. Але, калі будзе падпісаны, мы не ведаем, — адказваюць Еўрарадыё ў Міністэрстве ЖКГ і дадаюць, што згодна з указам, на прыватызацыю жылля час быццам бы будзе. —  Указ набудзе моц пасля трох месяцаў пасля падпісання. А ў самім указе прапісана, што на прыватызацыю будзе аддадзены год”.

Але ў міністэрстве ЖКГ не ведаюць, калі дакладна прымуць дакумент і нават у якім выглядзе.

“Можа, нам скажа Адміністрацыя прэзідэнта праз пяць гадоў напісаць? Сказалі, і панеслася ўся гэтая свістапляска”, — у міністэрстве дадаюць, што ажыятаж прагназавалі — калі гаворка ідзе пра жыллё, паніка заўсёды ёсць.

Пакуль у вярхах круцяць дакумент так і гэтак, недаверлівыя беларусы прадбачліва штурмуюць гарвыканкамы.

“Да трохсот чалавек у дзень прыходзіць. Усе кінуліся па ўсім Мінску прыватызаваць жыллё”, — у “адным акне” Першамайскага раёна ад пастаяннага натоўпу людзей ужо стаміліся.

У адміністрацыі Фрунзенскага раёна чыноўнікі, каб прыняць усіх, на працы затрымліваюцца да васьмі гадзін вечара.

“… Каб усіх прыняць. У нас адзін з самых вялікіх раёнаў Мінска. Дзесьці 14% жылога фонду нашага раёна не прыватызавана. У студзені падалі 140 заяў на прыватызацыю, а цяпер за тры дні месячная норма прыходзіць. Людзі патокам ідуць, бо па тэлевізары паказвалі, і людзі кінуліся”, — у Адміністрацыі раёна кажуць, што пакуль дакумента няма, нельга вылічваць той год, які будзе аддадзены на прыватызацыю.

Сотні чалавек у чарзе на прыватызацыю кватэр у Завадскім раёне сталіцы:

“У суботу было 47 чалавек, мы працавалі да абеду, у пятніцу — 129 заяў. Аграмадныя чэргі! У нас 15 тысяч непрыватызаваных кватэр. Цяпер ўсё на ўзроўні чутак. За 20 гадоў ўжо разоў дзесяць людзей раздзіралі такімі ж чуткамі, цяпер з трапятаннем і страхам чакаюць гэтага ўказу”, — у Адміністрацыі Завадскога раёна спадзяюцца на лаяльнасць указу, але кажуць трымаць вуха востра:

“Спадзяемся, што драконаўскіх мер не будзе. Думаем, што ўсё вырашыцца ў ліпені-жніўні. Могуць даць год-два на прыватызацыю, каб людзі спакойна разбіраліся, а могуць жа сказаць, што ўсё, хлопцы, ваш цягнік сышоў!” — і самі сябе палохаюць чыноўнікі.

Але што ў Мінску — у рэгіёнах сітуацыя такая ж. Віцебскі гарвыканкам штодзень прымае сотні жыхароў непрыватызаваных кватэр. Кажуць, што запісваюць людзей у чаргу, каб не было натоўпу. Чыноўнік з Віцебска разважае, што прыватызаваць 392 тысячы кватэр за год немагчыма!

“Гэта ж трохі непрадумана, мякка кажучы. Нельга ў адзін год за кароткі тэрмін прыватызаваць столькі жылля. Ну добра, выканкам справіцца, а БТІ? Гэта і абмеры, калі хто перапланіроўку рабіў, гэта зноў зацвярджаць трэба. Хоць, хто яго ведае, мо абдумаюцца зверху, калі ўбачаць гэтую сітуацыю”, — спадзяюцца чыноўнікі ў рэгіёнах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі