На расійскай мяжы разварочваюць 0,01% беларускай малочнай прадукцыі

На расійскай мяжы разварочваюць 0,01% беларускай малочнай прадукцыі

Пакуль беларуская міліцыя правярае Рассельгаснагляд і яго кіраўніка Сяргея Данкверта на прадмет нанясенне шкоды эканамічным інтарэсам краіны, Расія працягвае вяртаць нашы прадукты на радзіму. Вось хроніка з пачатку года:

4 студзеня, Рассельгаснагляд не пускае праз мяжу 37 тон ялавічыны з Магілёўскага мясакамбіната.

"Усталяваныя сляды зрэзаў ветэрынарных клеймаў, значныя зачысткі мяса. Акрамя таго, выяўлены незадавальняючы санітарны стан мяса”, ― паведамляе Расселгаснагляд. Мяса вяртаюць у Беларусь

6 студзеня да Масквы не даязджае 6 тон тушак куранят-бройлераў вытворчасці фабрыкі “Смалявіцкі бройлер”. Груз вяртаюць у Смалявічы, бо “дата вырабу, якая змешчаная на маркіровачных этыкетках, адсутнічае ў ветэрынарным сертыфікаце”.

У гэты ж дзень у Курскай вобласці знаходзяць сем тон беларускай ялавічыны, “без неабходных суправаджальных дакументаў”. Яе здымаюць з абароту і… знішчаюць!

Наступнымі мяжу не праходзяць 20 тон мяса птушкі ад фірм “Сервалюкс” і “Вітконпрадукт”. Груз накіроўваюць назад, бо “машына знаходзілася ў незадавальняючым санітарным стане”. Апроч таго, у Расію не пускаюць 20 тон віцебскага малака.

“Аўтацыстэрна абсталяваная прыборам для вымярэння і кантролю тэмпературы падчас транспарціроўкі грузу, які не не працуе”, ― паведамляе Расельгаснагляд.

За два месяцы на мяжы з Расіяй развярнулі 20 тон згушчонкі, 3 тоны сыра, 19 тон яблыкаў. Агулам не пусцілі ў Расію 88 тон ялавічыны, 53 тоны мяса птушкі, 22 тоны вяршкоў. Гэта калі лічыць згодна з навінамі Рассельгаснагляду.

Але машыну з беларускімі  прадуктамі, якую не пусцілі ў Расію, могуць прапусціць туды ўжо праз пару гадзін, пасля выпраўлення суправаджальных дакументаў.  Пра гэта Еўрарадые расказваюць у Міністэрстве сельскай гаспадаркі. Напрыклад, машыну з беларускім малаком спыняюць, бо не хапае нейкіх дакументаў. Іх тэрмінова высылаюць. Машына заязджае, і ўжо ў Расіі, а Рассельгаснагляд на сваім сайце піша, што груз застаўся ў Беларусі.

“Машына дзве гадзіны таму праехала ў Расію ўжо, а па іх навінах, яна яшчэ тут, у Беларусі”, ― дадаюць у міністэрстве сельскай гаспадаркі.

Доля тых беларускіх прадуктаў, якія разварочваюць, у агульным экспарце зусім невялікая.

“Мы вырабляем штодня каля 18 тысяч тон малочнай прадукцыі. З іх 10 тон мы адгружаем у Расію. А 8 з’ядаем самі”, ― тлумачаць у міністэрстве.

Летась Беларусь паставіла ў Расію больш за 4 мільёны тон малочнай прадукцыі. Гэта сыры, малако, вяршкі ды іншае, па 660 тысяч тон кожныя два месяцы. За гэтыя ж два месяцы сёлета ў Расію не пусцілі толькі 70 тон малочнай прадукцыі. Гэта 0,01% ад усіх паставак, калі падлічваць па сайце Рассельгаснагляду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі