На саміце ЕС прапануюць перагледзець Шэнгенскі памежны кодэкс
16 снежня ў Бруселі адбыдзецца саміт Еўрасаюза. Сярод іншага на ім плануецца прыняць пастанову па Беларусі. З праектам дакумента пазнаёміўся карэспандэнт Радыё "Свабода" Рыкард Юзвяк.
У праекце пастановы Еўрапейскі савет асуджае тое, што беларускі рэжым выкарыстоўвае мігрантаў, і створаны ім гуманітарны крызіс. Пры гэтым падкрэсліваецца важнасьць эфектыўнай абароны знешніх межаў ЕС, у тым ліку — праз умацаванне прававой базы.
Таму прапаноўваецца вывучыць ініцыятыву Камісіі аб часовых надзвычайных мерах — у прыватнасці, перагледзець Шэнгенскі памежны кодэкс.
Праект дакумента заклікае як мага хутчэй выпрацаваць комплекс мер супраць транспартных кампаній, датычных да незаконнай перавозкі мігрантаў, а таксама мер па выкананні пятага пакета санкцый супраць афіцыйнага Мінску.
Акрамя таго, Еўрапейскі савет паўтарае заклік да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў і спынення рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ.
Напярэдадні саміта ЕС, 15 снежня, у Бруселі пройдзе саміт "Усходняга партнёрства". Беларусь на ім будзе прадстаўленая пустым крэслам з афіцыйным сцягам. На працоўныя пасяджэнні, як анансавалася раней, будуць запрошаныя прадстаўнікі беларускай апазіцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.