На сталовую для ўдзельнікаў ІІ Еўрапейскіх гульняў патрацяць $2,8 млн
Сталовая, дзе будуць харчавацца ўдзельнікі ІІ Еўрапейскіх гульняў, будзе каштаваць прыкладна $2,8 млн. Гэта вынікае з тэндэрнай дакументацыі, якую даследавала “Народная воля”. У прыватнасці, за будаўніцтва павільёна пад сталовую ўлады гатовыя заплаціць 5 576 672 беларускіх рубля, а яшчэ 270 000 рублёў дзяржава гатовая была заплаціць за распрацоўку праекта павільёна. Тэндэр на распрацоўку прызналі неадбытым і ў выніку выкарысталі працэдуру закупкі з адной крыніцы, што звычайна вядзе да ўдаражэння.
Павільён пабудуюць на тэрыторыі студэнцкай вёскі БДУ, а пасля завяршэння Гульняў яго дэмантуюць цягам трох месяцаў. Гэты аб’ект мусіць фінансавацца са сродкаў бюджэта Мінска.
Сёлета на арганізацыю гульняў з рэспубліканскага бюджэта (рэзервовага фонда прэзідэнта) выдзелілі 76,9 мільёна беларускіх рублёў. За гэтыя грошы актыўна закуплялі спартовы інвентар, пасцельную бялізну і мэблю, якой будуць карыстацца ўдзельнікі-спартсмены.
У праект рэспубліканскага бюджэта на 2019 год закладзена яшчэ 153,4 мільёна рублёў.