На суд Алены Танкачовай пусцілі не ўсіх
10 чалавек з 30 мусілі пакінуць судовую залу.
8 студзеня ў судзе Першамайскага раёна Мінска разглядаецца скарга праваабаронцы Алены Танкачовай. Кіраўніца Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend аспрэчвае рашэнне Першамайскага РУУС пра сваю высылку з Беларусі. Пачатак судовага паседжання ў 14-30.
Як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", на суд прыйшлі каля 30 чалавек, аднак дзесятку з іх давялося пакінуць залу пасяджэнняў — людзям не хапіла месца.
На судзе Танкачова прыводзіць сувязь заканадаўства Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь ў забеспячэнні грамадзян роўнымі правамі і абавязкамі. Яна тлумачыць суду, што маецца на ўвазе пад краінай пражывання паводле Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Нагадаем, што 5 лістапада Першамайскі РУУС прыняў рашэнне пра высылку праваабаронцы на тры гады на працягу месяца. Ёй таксама забаронена наведваць Беларусь у бліжэйшыя тры гады. Нагодай для рашэння сталі факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем Танкачовай, зафіксаваныя відэакамерамі.
Пакуль праваабаронца абскарджвае гэтае рашэнне, ёй падаўжаюць рэгістрацыю на часовае пражыванне ў Беларусі. Грамадзянка Расіі Алена Танкачова жыве ў Беларусі каля 30 гадоў, мае тут уласнае жыллё і працу.
12 снежня сталічнае ГУУС адмовіла Танкачовай у задавальненні скаргі. Цяпер справу разглядае суд.