На суд над магілёўскім чыноўнікам-прыхільнікам Бабарыкі не пускаюць журналістаў
Уладзімір Дудараў ў судзе / TUT.BY
На працэс па справе намесніка кіраўніка магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Дударава перасталі пускаць журналістаў, паведамляе агенцтва БелаПАН.
Дудараў быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыка падчас перадвыбарчай кампаніі.
Не змог патрапіць на працэс і журналіст агенцтва. У судзе яму сказалі, што гэты судовы працэс далей будзе праходзіць без гледачоў. Такое рашэнне прыняў старшыня суда "у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй".
Суд над Дударавым, якога праваабаронцы прызналі палітвязнем, пачаўся 19 красавіка. Яго абвінавачваюць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і махлярстве. Першае злачынства Дударава заключалася, па версіі следства, у тым, што ён з парушэннямі павялічыў сваю кватэру. Будучы кіраўніком жыллёва-будаўнічага кааператыва, ён абраў сабе жыллё на апошнім паверсе, затым без згоды членаў кааператыва звярнуўся ў праектную арганізацыю, якая павялічыла вышыню тэхнічнага паверха. А потым выкупіў памяшканне на техэтаже і далучыў да кватэры.
Другі эпізод тычыцца дома яго бацькі. Паводле версіі следства, Дудараў — на той момант ён працаваў начальнікам аддзела будаўніцтва гарвыканкама — незаконна пабудаваў для бацькі дом у прыродаахоўнай зоне ракі Дубровенкі. А калі парушэнне выявілася, то ён перашкодзіў пачаць супраць бацькі адміністрацыйны працэс за самавольнае будаўніцтва.
Дудараў віны не прызнае і называе крымінальную справу супраць сябе непаразуменнем.Ён нагадаў у судзе, што да затрымання пракуратура праводзіла ў дачыненні да яго "мноства праверак", выносіліся пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальных спраў.
Дудараў ў зняволенні ўжо больш года. Яго затрымалі 11 чэрвеня 2020 года, з тых часоў ён утрымліваецца ў магілёўскай турме № 4.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.