У Магілёве затрымалі каардынатара ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі
У Магілёве затрымалі каардынатара ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Уладзіміра Дударава. Пра гэта паведамляе TUT.by са спасылкай на некалькіх сябраў групы. У штабе Бабарыкі пасля гэтую інфармацыю пацвердзілі. Хто затрымаў Дударава і па якой справе, невядома. Пытанні да яго былі ў праваахоўнікаў чатыры гады таму, але справа да суда не дайшла.
Уладзіміру Дудараву 43 гады. Ён скончыў Магілёўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. Спачатку ачольваў аддзел будаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама, а ў верасні 2018-га быў прызначаны намеснікам старшыні выканкама, адказваў за пытанні будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. З гэтай пасады сышоў восенню мінулага года.
Таксама затрыманы ўдзельнік ініцыятыўнай групы, кіраўнік філіі Белгазпрамбанка ў Магілёве Сяргей Кармызаў.
Затрыманні адбыліся на фоне паспяховага збору подпісаў ініцыятыўнай групай Віктара Бабарыкі. Напярэдадні таксама прайшлі ператрусы ў Белгазпрамбанку, які яшчэ нядаўна ачольваў Бабарыка. Былі распачаты дзве крымінальныя справы. Сам палітык і экс-банкір у рамках расследавання працэсуальнага статуса не мае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.