На сустрэчы з Лаўровым Лукашэнка заявіў, што яго "прыемна здзівіла Украіна"

Сяргей Лаўроў і Аляксандр Лукашэнка / архіўнае фота mid.ru
Сяргей Лаўроў і Аляксандр Лукашэнка / архіўнае фота mid.ru

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся сёння ў Мінску з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым. Гаворка ішла пра вайну з Украінай. "Усё, што я абяцаў, усё, што трэба для Расіі ў гэты няпросты перыяд, мы робім", — цытуе Лукашэнку БЕЛТА. Ён паабяцаў, што кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Алейнік раскажа Лаўрову пра гэта падрабязней.

Лукашэнка таксама прызнаўся, што праслухаў усе заявы Лаўрова на ўчорашняй прэс-канферэнцыі. "Абсалютна іх усе падтрымліваю. І пры любых кантактах, якія ў нас здараюцца з Захадам, іншымі, мы гаворым пра тое, што Расія ніколі не была супраць міру. Калі ласка, давайце будзем дамаўляцца", — сказаў Лукашэнка. Паводле яго, Беларусь гатовая ўдзельнічаць у гэтым працэсе, а таксама "працаваць разам, плячо ў плячо" з Расіяй і не будзе "тут віляць, круціць нешта".

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама прызнаўся, што яго прыемна здзівіла Украіна. Паводле версіі Лукашэнкі, Захад спрабуе выкарыстаць Кіеў супраць Мінска. "Але што мяне ўражвае і прыемна здзіўляе — Украіна пакуль трымаецца. Яна на правакацыі супраць Беларусі не ідзе. Хоць яе актыўна падштурхоўваюць нашыя заходнія суседзі ", — сказаў Лукашэнка.

Лаўроў прыляцеў у Беларусь на сумесную калегію МЗС РБ і РФ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі