На сястру Васіля Быкава здзейснены напад, яна ў рэанімацыі
На Валянціну Быкаву, сястру славутага пісьменніка Васіля Быкава, здзейснены напад, яна ў рэанімацыі. Пра гэта паведаміў увечары 28 траўня ў сваім Фэйсбуку журналіст і блогер Глеб Лабадзенка.
“Патэлефанавала яе суседка, распавяла жах, у які цяжка паверыць. Учора зранку Валянціна Уладзіміраўна пачула нейкі шум у бакоўцы, выйшла паглядзець, у гэты момант атрымала моцны ўдар. Стала крычаць, нападнік стаў заціскаць ёй рот. У выніку зламаў некалькі рабрынаў і руку. Яна здолела выклікаць хуткую, цяпер яна ў рэанімацыі Вушацкай лякарні”, — напісаў Лабадзенка.
Па яго словах, Валянціну Быкаву ўжо наведалі следчыя, міліцыя і кіраўніцтва райвыканкама. Удар быў ззаду, таму яна не пабачыла і не запомніла нападніка. Пры гэтым з дому не прапала нічога з рэчаў: магчыма, зламысніка нешта напалохала і таму ён уцёк.
Сёлета ў ліпені Валянціне Уладзіміраўне Быкавай споўніцца 90 год.