На Талачыншчыне экс-міліцыянт застрэліў інспектара аховы. Фота
Падазраванага ў забойстве затрымалі. Гэта 55-гадовы жыхар Талачына.
У Талачынскім раёне Віцебшчыны адбылася трагедыя падчас палявання. Раніцай 11 красавіка супрацоўнікі Аршанскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету праводзілі планавы рэйд каля вёскі Петрашы. Там яны атрымалі звесткі, што на тэрыторыі іх участка адбываецца браканьерства.
Правяраючы гэтыя звесткі, адзін з інспектараў пабачыў чалавека са зброяй. Калі інспектар паспрабаваў падысці да мужчыны, каб праверыць дакументы, той стрэліў у інспектара і ўцёк. Ад агнястрэльнай раны інспектар памёр на месцы.
Яго напарнік адразу ж паведаміў міліцыянтам пра здарэнне і апісаў стралка. Міліцыянты затрымалі мужчыну — гэта быў 55-гадовы жыхар Талачына, паведамляе сайт Следчага камітэта.
На мужчыну пачалі крымінальную справу па падазрэнні ў забойстве службовай асобы. На месцы здарэння працавала перасоўная крыміналістычная лабараторыя. Праваахоўнікі знайшлі там паляўнічую стрэльбу, патроны да гладкаствольнай зброі і стрэленую гільзу.
Як паведамляе "Витебский курьер", у загінулага інспектара засталіся двое дзяцей-сірот.
Пра затрыманага паведамляецца, што раней ён служыў у органах МУС, працаваў кіроўцам у адной з устаноў раёна, якую ўзначальвае чалец выканкама. Раней ён меў судзімасць за крадзеж асабістай маёмасці і спробу падпалу гаража егера паляўнічай гаспадаркі Талачынскага раёна. Але судзімасць некалькі гадоў таму была пагашаная.
Фота — sk.gov.by