На вакзале ў Бруселі вайскоўцы застрэлілі верагоднага смяротніка
На Цэнтральным вакзале ў Бруселі ўвечары 20 чэрвеня вайсковы патруль застрэліў мужчыну, на якім было нешта, падобнае да пояса смяротніка. Агонь па ім адкрылі пасля таго, як пачуўся невялікі выбух, перадае Бі-Бі-Сі. Больш ніхто не пацярпеў.
Прадстаўнік бельгійскай пракуратуры пазней паведаміў, што мужчына памёр. Федэральная пракуратура краіны ахарактарызавала інцыдэнт на вакзале як тэракт.
Як піша газета Libre Belgique са словаў работнікаў пракуратуры, мужчына меў пры сабе заплечнік і пояс з выбухоўкай. Па звестках выдання, ён зладзіў выбух у той момант, калі прыцягнуў увагу вайскоўцаў. Некалькі бельгійскіх СМІ перадаюць, што перад гэтым ён крыкнуў "Алах Акбар!".
Нікалас ван Херэвеген, які працуе на Цэнтральным вакзале Бруселя ў аддзеле па сартаванні грузаў, распавёў агенцтву Франс прэс: "Выбух быў нямоцны, але яго было добра чуваць. Усе кінуліся бегчы".
Пасля інцыдэнту паліцыя ачапіла цэнтральную плошчу Бруселя — Гранд-пляс, дзе ў той час было шмат турыстаў. Таксама ненадоўга прыпыняўся рух на лініях метро, якія праходзяць праз Цэнтральны вакзал.