“На вайсковай базе ў суседнім штаце”: як у розных краінах вакцынуюць ад COVID-19

“На вайсковай базе ў суседнім штаце”: як у розных краінах вакцынуюць ад COVID-19

Вакцынацыя супраць COVID-19 праходзіць па ўсім свеце. І ў кожнай краіне — па-рознаму. Па нашых падліках, у Беларусі за дзень у сярэднім робяць 16 тысяч прышчэпак супраць кавіду, і гэта даволі сярэднія тэмпы. У чарзе на працэдуру — блізу паўмільёна чалавек. А прышчапіцца прапануюць ці кітайскай вакцынай Sinopharm, ці расійскім “Спутнікам V” (які цяпер вырабляюць у Беларусі).

А як у іншых краінах? Ці доўгія чэргі? Ці ёсць выбар з розных вакцын? Як сябе паводзяць антыпрышчэпачнікі? Як адчуванні пасля прышчэпак рознымі вакцынамі? Мы запыталіся пра ўсё гэта ў жыхароў Еўропы, Амерыкі і Азіі.

Украіна: Pfizer даступны толькі абраным

30-гадовая Вольга з Роўна нядаўна перахварэла на кавід у лёгкай форме, страціўшы пачуцце паху і смаку. Дзяўчына плануе зрабіць прышчэпку, але пакуль не ведае, калі да яе дойдзе чарга на вакцыну Pfizer.

— Мае родныя і сябры цяжка хварэлі, а некалькі калег памерлі. Большасць маіх калег з Еўропы вакцынаваліся Pfizer без пабочных эфектаў. А некаторыя родныя прышчапіліся AstraZeneca і некалькі дзён адчувалі пабочкі. Але Pfizer ва Украіне пакуль даступны толькі абраным катэгорыям, іншым людзям прапаноўваюць AstraZeneca з Індыі.

Ва Украіне марудна, але праходзіць медычная рэформа. Большасць людзей падпісала дамовы з сямейнымі тэрапеўтамі, якія накіроўваюць у лякарні. У паліклініку складана трапіць без дамовы з сямейным доктарам. А медычныя страхоўкі пакуль не працуюць масава. Іх маюць толькі асобныя групы людзей, напрыклад, айцішнікі.

Польшча: запіс на вакцынацыю праз СМС

У Польшчы даступныя некалькі вакцын: AstraZeneca, Pfizer, Moderna, Johnson&Johnson і іншыя. Алене 34 гады, яна жыве ў Варшаве. Дзяўчыну вакцынавалі AstraZeneca, другую дозу прызначылі праз 2,5 месяца.

— Можна было абраць Pfizer, але яе чакаць даўжэй. У мяне ёсць PESEL — рэгістрацыйны нумар асобы, накшталт прапіскі. Я запісалася на вакцынацыю праз СМС, бо на сайце чамусьці не спрацавала рэгістрацыя. 

Прышчэпку зрабілі ў звычайнай паліклініцы. Агляду доктара не было: перад прышчэпкай я запоўніла анкету і адказала на пытанні пра адчуванні.

Першыя 15 хвілін пасля прышчэпкі рэкамендавалі правесці ў паліклініцы, каб упэўніцца, што няма алергічных рэакцый. Ну і першыя два дні варта было быць асцярожным у планаванні спраў. Усе рэагуюць па-рознаму: у мяне быў боль у руцэ, у знаёмай паднялася тэмпература. Гэта ўсё норма, калі кароткачасова.

Сярод знаёмых палякаў усе ставяцца да вакцынацыі нармалёва. На прышчэпачных пунктах доўгія чэргі, паўсюль у Варшаве сацыяльная рэклама вакцынацыі.

27-гадовы Шыман — жыхар Кракава. Хлопец таксама абраў AstraZeneca, каб не чакаць іншыя вакцыны.

— Вакцынацыя бясплатная: плаціць трэба хіба за хуткасць у чэргах. У мяне як у паляка аўтаматычнае накіраванне, замежнікам даводзіцца атрымліваць накіраванне ў лекара. Прыярытэт мелі паліцэйскія, супрацоўнікі школ і клінік, пенсіянеры.

Вакцыну шмат абмяркоўваюць: гэта новая тэма для small-talk, як раней было надвор’е. У чыпаванне верыць безумоўная меншасць.

У мяне пабочкі былі моцныя вельмі: мяне ванітавала, тэмпература была два дні, муціла думкі, балелі цягліцы. Але ў мяне павышаная адчувальнасць, ад звычайнай ежы магу кепска сябе пачуваць. Бацькі абышліся без пабочных эфектаў, а вось цётка пасля дзвюх вакцын моцна захварэла і ледзь выкараскалася.

Андрусю 28 гадоў, ён толькі нядаўна пераехаў з Беларусі ў Варшаву. Аднак хлопец паспеў ужо запісацца на вакцыну AstraZeneca.

— З 1 траўня штодня зніжалі ніжні ўзрост для вакцынацыі, цяпер можна наогул усім. На сайце зарэгістраваўся за 5 хвілін, сама вакцынацыя займае 10 хвілін, а непасрэдна прышчэпка — 30 секунд.

Літва: раілі не займацца спортам пару дзён

У пачатку красавіка супрацоўнікам адукацыйнага сектара муніцыпалітэт Вільні прапанаваў зрабіць першую порцыю прышчэпкі AstraZeneca, распавядае Еўрарадыё 27-гадовая Настасся.

– У маім выпадку датэрміновую рэгістрацыю зрабіла адукацыйная ўстанова, дзе я працую. На той момант выбару вакцыны бракавала, але можна было адмовіцца і чакаць Pfizer ці Moderna.

Прышчэпку мне зрабілі ў будынку мясцовага самакіравання. Пасля медыкі раілі застацца яшчэ паўгадзіны пад наглядам персаналу, каб адсачыць стан. Раілі не займацца спортам пару дзён.

Улады актыўна заклікаюць да вакцынацыі, у СМІ багата агітацыі. Па маіх назіраннях, “сярэдні клас” ставіцца да вакцынацыі пазітыўна. Ёсць давер да ўлады і персанальная матывацыя: тыя, хто зрабіў прышчэпку, атрымліваюць дадатковыя магчымасці. Але грамадства прыклала багата высілкаў, каб заахвоціць да вакцынацыі пажылых.

Ад 18 траўня пачалася агульная вакцынацыя жыхароў, старэйшых за 35 гадоў, незалежна ад прафесіі. Да таго прышчапіць намагаліся перадусім сацыяльна значныя групы: медыкаў, настаўнікаў, ратавальнікаў, прадаўцоў. Моладзь плануюць прышчапляць з канца траўня.

Італія: кожны выпуск навінаў пачынаецца з інфармацыі пра прышчэпкі

Мінздароўя склала спісы паводле ўзросту і хранічных захворванняў, якія маюць людзі. Адпаведна, можна тэлефанаваць у бліжэйшы цэнтр вакцынацыі па запіс на Pfizer, каментуе 53-гадовы Паола з правінцыі П’емонт на поўначы Італіі.

— Пасля прышчэпкі спецыфічныя пытанні можна задаць сямейнаму доктару. Напрыклад, мая жонка ўдакладніла, ці можна рабіць прышчэпку падчас груднога кармлення: можна. Маёй каляжанцы з астмай прапанавалі асаблівую вакцынацыю.

У кожным выпуску навін найперш называюць колькасць зробленых прышчэпак. Калі хто з медыкаў адмаўляецца ад яе, пагражаюць не падоўжыць кантракт. Ведаю прынамсі пра адзін такі выпадак, але не магу сцвярджаць, што гэта афіцыйная пастанова.

У грамадстве хапае недаверу да вакцынацыі. Шмат людзей кажа, што прышчэпкі — магчымасць заробку для фармацэўтычных кампаній. Маўляў, навошта прышчэпка, калі яна не выключае магчымасці захварэць ізноў.

Іспанія: у буйных шпіталях і нават на стадыёнах

У аўтаномным супольніцтве Андалузія жыве Анхела Эспіноса – вядомая беларускамоўная паэтка. Яна ўжо зрабіла першую прышчэпку AstraZeneca. Выбару не было, але нават з ім усё адно абрала б гэтую вакцыну, сцвярджае дзяўчына. Ёй даспадобы, што стваральнікі AstraZeneca адмовіліся ад камерцыялізацыі вакцыны падчас пандэміі.

— З другой дозай ваганні. Я намераная папрасіць у лекара AstraZeneca, бо бяспечней, калі дзве дозы аднолькавыя. Не дасць, хутчэй за ўсё, бо выбару няма, але папрашу пісьмова выдаць мне тлумачэнне чаму. У Францыі і Нямеччыне другую дозу Pfizer зрабілі тым, каму менш за 55/60 гадоў (у залежнасці ад краіны), а першую зрабілі AstraZeneca.

Вакцынуюць у буйных шпіталях і нават на стадыёнах. Амаль 40% насельніцтва ўжо атрымалі прынамсі адну дозу. Некаторыя пабойваюцца, але пасля запрашэння ідуць 99%. Ведаю толькі рускамоўную ўкраінку, якая не пайшла: маўляў, Біл Гейтс ставіць чып.

Ізраіль: дактароў бракавала, але выклікалі вайсковых рэзервістаў

Ізраільская дзяржава максімальна зацікаўленая ў масавай вакцынацыі і актыўна заахвочвае грамадзян. Відаць, менавіта таму гэтая краіна — адзін з сусветных лідараў па долі прывітых ад агульнай колькасці жыхароў.

— Можна прышчапіцца Moderna, але, як правіла, абіраюць Pfizer. Вакцына захоўваецца ў лядоўні да трох дзён, таму пасля прылёту і транспарціроўкі яе можна ўжываць толькі кароткі час. Калі хтосьці не прыйшоў па сваёй чарзе, літаральна ўгаворваюць прыехаць іншых, нават без папярэдняй рэгістрацыі — абы вакцына не змарнавалася.

Кожная клініка камп’ютарызаваная. Ніякіх папяровых картак — гісторыя хвароб у камп’ютары доктара, а пацыент мае доступ да любога перыяду і ўсіх запісаў. У пункце вакцынацыі 4 лекары, адмысловец сочыць за чаргой. Дактароў і медсясцёр бракавала, але выклікалі вайсковых рэзервістаў. Інтэрвал паміж прышчэпкамі — тры хвіліны, — дзеліцца назіраннямі 63-гадовы Міхаэль з горада Беэр-Шэва.

Грузія: пасля прышчэпкі ўжываць не больш за 1-2 келіхі віна

У Грузіі ў канцы красавіка прышчапілі менш за 2% насельніцтва, заўважае 32-гадовая Алёна з Тбілісі.

— Я чакаю сваёй чаргі, бо, відавочна, хапае людзей з большай патрэбай. Вакцынацыю пачалі ў сярэдзіне сакавіка. Вакцыны AstroZeneca  і Pfizer на выбар даступныя для грамадзян 45+. А рэгістрацыю на кітайскія вакцыны адкрыюць, калі іх ухваліць Сусветная арганізацыя аховы здароўя. У Sinopharm розная эфектыўнасць: крыху больш за 50% у Бразіліі, затое ў суседняй з Грузіяй Турэччыне — больш за 90%.

Улады і СМІ заклікаюць да вакцынацыі, але ў апазіцыі гэта атрымліваецца больш пераканаўча. Сярод прагрэсіўнай моладзі модна прышчапіцца, а ў больш сталых людзей, асабліва ў рэгіёнах, да вакцынацыі вялікі недавер: многія вераць у тэорыю сусветнай змовы, іншыя проста не бачаць сэнсу ў вакцынацыі.

Вакцынуюць у амбулаторыях і паліклініках. Запіс анлайн хутка закрываецца, усё занятае. Нават пасля прышчэпкі рэкамендуюць насіць маскі. А галоўны эпідэміёлаг Грузіі параіў пасля прышчэпкі ўжываць не больш за 1-2 келіхі віна. Урад хоча дазволіць вакцынаваным не насіць маскі і скасаваць для іх каменданцкі час, які дзейнічае ўжо паўгода.

Расія: вакцынацыя “Спутнікам V” ідзе поўным ходам

У Расіі вакцынацыя ідзе поўным ходам, распавядае 63-гадовая Наталля — жыхарка горада Туапсэ ў Краснадарскім краі.

— Я прыйшла ў паліклініку да тэрапеўта, і мне адразу зрабілі першую прышчэпку вакцынай “Спутнік V”. Адчуваю сябе як звычайна: нічога асаблівага, ніякіх супрацьпаказанняў. Другую прышчэпку зробяць праз тры тыдні.

Швецыя: выбіраць вакцыну нельга

28-гадовая Аліна са шведскага Нарчэпінга чакае сваёй чаргі на вакцыну Pfizer або AstroZeneca, якая мусіць падысці ўлетку. Выбіраць з дзвюх вакцын нельга, кажа дзяўчына.

— Пачалі з пажылых, зараз вакцынуюць людзей 40+, але з хранічнымі хваробамі (напрыклад, астма) можна звярнуцца ў пункт вакцынацыі раней за сваю ўзроставую катэгорыю. На вакцынацыю запрашаюць цэнтралізавана, стаўленне ў грамадстве пазітыўнае: тут людзі давяраюць дактарам і палітыкам.

Італія — Нямеччына: каб патрапіць у краму ці цырульню, вы мусіце мець тэст

Фабіяну 25 гадоў, апошнім часам хлопец жыве на дзве краіны: Італію і Нямеччыну.

— У Італіі сітуацыя настолькі катастрафічная, што лепей не чытаць навіны. Улада актыўна прасоўвае вакцынацыю, многія людзі чакаюць яе з нецярплівасцю, але некаторыя сумняваюцца. Амаль усе стаміліся праз гадавыя абмежаванні: рэстараны адкрыліся толькі пару тыдняў таму, а закрываць трэба ўжо а 22-й, гэта зарана.

У Нямеччыне сітуацыя падобная, бо тут падаецца, што вакцына — адзінае выйсце, якое неабходна зрабіць. На мінулым тыдні пачалі адкрываць некаторыя ўстановы, але вам паўсюль патрэбны зроблены тэст, каб увайсці. Каб патрапіць у краму ці цырульню, вы мусіце мець тэст, але ж вы не станеце рабіць яго штодня, гэта вельмі непрыемна. На мінулым тыдні сябар рабіў яго 4 разы на тыдзень, уявіце. Тым не менш немцы больш за італьянцаў зацікаўленыя ў вакцынацыі.

Нямеччына: канспіролагі і гамеапаты ладзяць мітынгі

Вакцынацыя ў Нямеччыне распачалася 20 снежня для медыкаў, выкладчыкаў, хворых, цяжарных. Першую прышчэпку зрабілі ўжо 30 млн немцаў. З 7 ліпеня вакцыну змогуць атрымаць усе астатнія, расказвае 31-гадовая Настасся з Гамбурга.

— Некаторыя людзі не прыходзілі на сваё прызначэнне, таму можна было патэліць у цэнтр вакцынацыі (у кожным горадзе) і, калі ёсць месца, атрымаць вакцыну. Але для гэтага трэба быць мабільным.

Я цяпер у лісце чакання: гэта проста анлайн-платформа. Яны мне дашлюць мэйл, як будзе свабоднае месца (па месцы жыхарства). Інакш наведаю свайго доктара ў ліпені. Дзяўчатам раяць не калоць AstraZeneca (лепей Pfizer або Moderna), асабліва калі паліш ці прымаеш супрацьзачаткавыя таблеткі, бо можа здарыцца трамбоз.

З майго асяродзя няма нікога супраць вакцынацыі. Але хапае і ў Нямеччыне канспіролагаў і гамеапатаў. Яны час ад часу мітынгі ладзяць.

В’етнам: даплацілі б, абы толькі прышчэпку зрабіць хутчэй

У Паўднёва-Усходняй Азіі пакуль прышчапляюць пераважна лекараў, настаўнікаў і іншых працаўнікоў, хто найбольш актыўна кантактуе з людзьмі. Адразу ўрад В’етнама закупіў вакцыну AstraZeneca, але літаральна напярэдадні ў краіну паступіў таксама Pfizer — распавядае 29-гадовы Аляксандр.

— Я не заўважаю сярод мясцовых жыхароў масавага настрою супраць вакцынацыі. Pfizer выклікае ў людзей станоўчае ўражанне. Нядаўна сканаў чалавек пасля AstraZeneca — магчыма, гэты выпадак таксама паўплываў. Калегі практычна ўсе кажуць, што плануюць прышчапіцца Pfizer: толькі 2 з 11 яшчэ не вызначыліся. Экспаты наогул кажуць, што даплацілі б, абы толькі прышчэпку зрабіць хутчэй.

ЗША: пункт вакцынацыі — на ваеннай базе ў суседнім штаце

Амерыканцы патрыятычна аддаюць перавагу мясцовым вакцынам — перадусім Johnson&Johnson, распавядае 62-гадовая Ірына з Чыкага. Але робяць прышчэпкі і іншымі вакцынамі.

— Мы з мужам звярнуліся да сямейнага доктара. Гэта накшталт тэрапеўта па страхоўцы, але не на ўчастку, а для пэўнай сям’і. Абследаванняў асаблівых не рабілі, урач выдаў накіраванне на вакцынацыю. Я прыйшла ў пункт вакцынацыі, не ведаючы загадзя, якую вакцыну выкарыстаюць: аказаўся Pfizer.

У мужа на працы ўсіх цэнтралізавана прышчапілі Johnson&Johnson. Нашым дзецям па 35 гадоў, яны прынцыпова хацелі прышчапіцца Johnson&Johnson. Але каб атрымаць прышчэпку па ўласным жаданні, ім давялося нават выехаць за межы штата Ілінойс і дабрацца да пункта вакцынацыі на ваеннай базе ў суседнім штаце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі