"На вуліцы выйшаў “чырвона-зялёны пратэст”, і гэта крок да яднання краіны"
17 лютага ў Мінску, а 19 лютага ў абласных гарадах краіны прайшлі акцыі пратэсту — людзі патрабавалі адмены Дэкрэта №3. Але далёка не ўся дэмакратычная апазіцыя далучылася да арганізацыі і нават удзелу ў гэтых пратэстах. Чаму і ці будуць яны надалей больш актыўна браць удзел у народных акцыях, гаворым з лідарам кампаніі “Гавары праўду” Андрэем Дзмітрыевым.
Цалкам размову з Андрэем Дзмітрыевым можна паслухаць
Найлепшыя цытаты з размовы з Андрэем Дзмітрыевым
Сёння мы ўпершыню бачым аб’яднаную апазіцыю, у якой кожная частка робіць тое, што лічыць галоўным і патрэбным, але з адзінай мэтай — адмяніць Дэкрэт №3.
Пакуль тое, што можна назваць арганізацыяй вулічных акцый, знаходзіцца на вельмі кепскім узроўні.
Мы будзем сачыць за тым, як будзе паводзіць сябе ўлада, як будуць арганізоўвацца акцыі і вырашаць, ці далучацца да гэтых акцый.
Апазіцыі зараз варта засяродзіцца выключна на адмене Дэкрэта №3, а не спрабаваць выказаць усё, што накапілася за 20 гадоў, на адным мітынгу.
Статкевіч на сваёй акцыі 17 лютага скарыстаўся вынікам працы, якую вяла ўся апазіцыя апошнія тры месяцы.
Асноўнымі ньюсмекерамі і тымі, хто робіць хоць нешта цікавае, з’яўляюцца анархісты, але яны на самай справе — пагроза для мірнага пратэсту.
Новых людзей з “антыдармаедскіх акцый” апазіцыя здолее зрабіць сваімі прыхільнікамі, калі не будзе спрабаваць уціснуць іх у свае “загатоўкі”, напрацаваныя за 20 гадоў, а паспрабуе зразумець гэтых людзей, прыняць іх такімі, якія яны ёсць.
На час “антыдармаедскіх акцый” апазіцыя павінная забыцца пра Лукашэнку і памятаць толькі пра людзей, якія гатовыя з намі змагацца за адмену Дэкрэта №3. Калі мы сёння скажам ім “Жыве Беларусь”, “Далоў Лукашэнку”, “Мяжу з Расіяй” — мы страцім гэтых людзей.
Калі выйдзе “чырвона-зялёны пратэст”, а ён сёння менавіта такі, то гэта будзе першы крок і да яднання краіны.
Рашэнне аб адмене Дэкрэта не будзе “стратай твару” для ўлады — паслухалі людзей і прынялі рашэнне згодна з тым, што яны гавораць.