Нацбанк Беларусі можа павысіць стаўку рэфінансавання да 10% — ЕАБР
Стаўку рэфінансавання могуць перагледзець з прычыны высокай інфляцыі / Ілюстрацыйнае фота БЕЛТА
Эксперты Еўразійскага банка развіцця не выключаюць, што Нацбанк Беларусі да канца года можа перагледзець стаўку рэфінансавання — павысіць яе да 10%. Да такога рашэння можа падштурхнуць двухзначная інфляцыя.
Нагадаем, раней эксперты ЕАБР прагназавалі, што па выніках года цэны ў Беларусі вырастуць у межах 10%. Нацбанк Беларусі сёлета ўжо некалькі разоў карэктаваў прагноз па інфляцыі. Першапачаткова меркавалася, што цэны вырастуць не больш чым на 5%. У красавіку прагноз па інфляцыі адкарэктавалі да 7,5%, у ліпені — ужо да 9%.
Эксперты ЕАБР таксама адзначаюць, што за 9 месяцаў гэтага года крэдыты ў нацыянальнай валюце ў Беларусі прыраслі на 4,1%. Пры гэтым крэдыты дзяржсектара павялічыліся на 11,1%, а прыватнага — на 1,8%. Прычым рост крэдытавання прыкметна актывізаваўся менавіта ў апошнія месяцы.
"Гэта можа быць звязана ў тым ліку з наяўнасцю прафіцыту банкаўскай ліквіднасці, якая пакуль выліваецца на крэдытны рынак у абмежаваных аб'ёмах", — адзначылі аналітыкі банка. Яны не чакаюць найбліжэйшым часам ніякіх змякчэнняў умоў крэдытавання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.