Нацбанк і банкі пракаментавалі звесткі пра недахоп грошай у банкаматах

Нацбанк і банкі пракаментавалі звесткі пра недахоп грошай у банкаматах

У нядзелю і панядзелак мінчукі сталі скардзіцца, што ў банкаматах складана зняць грошы. На некаторых банкаматах вывесілі шыльдачкі "Не працуе", каля іншых з'явіліся вялізныя чэргі.

У прэс-службе Нацбанка журналістам Onliner.by сказалі, што праблем з грашыма ў краіне няма: "У Нацыянальнага банка і камерцыйных банкаў няма дэфіцыту наяўных грашовых сродкаў. Пытанне можа быць звязана з арганізацыяй дастаўкі грошай у банкаматы: банкі бачаць, дзе скончыліся грошы, і заказваюць дастаўку наяўнасці ў абслуговай кампаніі (альбо вырабляюць яе самі). А гэта займае час".

У банках таксама кажуць пра тэхнічны характар перабояў з грашыма. Для банкаматаў існуе план папаўнення гатоўкі. Немагчыма дакладна прадбачыць, колькі грошай здымуць карыстальнікі з таго ці іншага банкамата. І на выходныя некаторыя банкаматы маглі застацца без грошай, калі ў пятніцу маса людзей прыйшла зняць грошы менавіта з яго.

"На 10-я чыслы звычайна даводзіцца выплата заробку, таму людзі здымалі гатоўку больш, чым звычайна, і беларускія рублі да канца нядзелі ў некаторых банкаматах скончыліся (у шасці з 75 прыладаў Мінску і ў адным з 60 у рэгіёнах). Раніцай у панядзелак усе прылады былі загружаныя", — кажуць у "Альфа-банку". 

У "БПС-Ашчадбанку" таксама заявілі, што перабоі з грашыма ў банкаматах здараліся і раней: трэба проста крыху пачакаць. 

Старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб прызнаецца, што сам з такой праблемай не сутыкаўся. Ён кажа, што ў банкаматах раз-пораз бываюць праблемы з грашыма, таму чуткі могуць быць беспадстаўнымі.

"З іншага боку, нельга выключыць, што такія выпадкі цяпер сталі больш масавымі, чым звычайна. У часткі людзей змянілася стаўленне да банкаў: яны аддаюць перавагу здымаць адразу ўсё, што прыходзіць на картку. Калі колькасць такіх людзей значна вырасла, то попыт на наяўныя грошы ў банкаматах вырас. У гэтага працэсу ёсць свая лагістыка — як часта запраўляць банкамат, у якой колькасці і гэтак далей. Калі ён вырас рэзка, банкі маглі не паспець зрэагаваць. Але калі такі дэфіцыт і ёсць, то ён часовы і чыста тэхнічны. У краіне няма недахопу рублёў, яму проста няма адкуль узяцца. Тэарэтычна можна ўявіць дэфіцыт валюты, таму што яе трэба прывозіць і зарабляць, а вось рублі заўсёды можна надрукаваць", — тлумачыць эксперт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі