Нацбанк і СК папярэджваюць беларусаў пра тэлефонных махляроў
Нацыянальны банк і Следчы камітэт папярэджваюць беларусаў пра тэлефонных махляроў. Яны прадстаўляюцца супрацоўнікамі банкаў і просяць прадаставіць пашпартныя дадзеныя, рэквізіты банкаўскіх картак і нават коды, якія кліент атрымлівае на тэлефонны нумар. Для гэтага прыдумляюць самыя розныя гісторыі. А ў выніку з банкаўскага рахунку знікаюць грошы.
Упраўленне абароны інфармацыі Нацбанка паведамляе, што падобныя выпадкі тэлефоннага махлярства (вішынгу) пачасціліся. Нярэдка зламыснікі карыстаюцца праграмамі-ананімайзерамі, якія дазваляюць пры тэлефанаванні вызначаць нумар, як той, што пазначаны на афіцыйным сайце банка. Кліентаў просяць нікому не паведамляць рэквізіты банкаўскай плацёжнай карткі, паролі і коды доступу, пашпартныя дадзеныя. Сапраўдныя супрацоўнікі банка неабходныя ім звесткі маюць. У выпадку тэлефанаванняў ад падазроных асоб грамадзянам рэкамендуюць спыніць размову і расказаць пра сітуацыю супрацоўніку банкаўскага кантакт-цэнтра. Калі ж зламыснікі атрымалі інфармацыю, то трэба неадкладна заблакаваць картку і напісаць заяву ў міліцыю.
Прэс-служба Следчага камітэта прыводзіць розныя варыянты дзеянняў махляроў. Падкрэсліваецца, што падобныя факты ў лістападзе зафіксаваныя ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны. Найчасцей ахвярамі становяцца маладыя людзі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.