Начальнік калоніі пра патрапленне ў “чорны спіс” даведаўся ад журналістаў
Каментаваць нядобрую для сябе навіну Аляксандр Какунін катэгарычна адмовіўся.
Пра ўнясенне ў “чорны спіс” Еўрасаюза начальніка Бабруйскай папраўчай калоніі №2 Аляксандра Какуніна і яго намесніка Юрыя Трутко стала вядома раніцай 30 кастрычніка. Як вядома, менавіта ў гэтай калоніі адбывае пакаранне палітвязень Алесь Бяляцкі.
Каментаваць новую рэдакцыю "чорнага спісу" у размове з карэспандэнтам Еўрарадыё Какунін не захацеў.
Еўрарадыё: Ці ведаеце вы пра з’яўленне вашага прозвішча ў спісе неўяздных на тэрыторыю Еўрасаюза?
Какунін: Не. За ўсімі каментарамі звяртайцеся ў прэс-службу Дэпартамента выканання пакаранняў.
Еўрарадыё: Вы не маглі б пракаментаваць рашэнне ЕС? Мы хацелі б даведацца менавіта ваша меркаванне.
Какунін: Я не буду гаварыць, звяртайцеся ў прэс-службу Дэпартамента.
Нагадаем, напярэдадні стала вядома, што Еўрасаюз яшчэ на год працягнуў санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. Адпаведнае рашэнне 29 кастрычніка прыняў Савет ЕС.
Дакумент Савета ЕС з "чорным спісам" можна паглядзець тут.
На здымку: Аляксандр Какунін. Фота — bobruisk.ru