Начныя выбухі і заява Генштаба ВСУ пра контрнаступленне — 21 раніца вайны

Шматпавярховік ў Кіеве пасля абстрэлу 16 сакавіка 2022 года​ / @uniannet
Шматпавярховік ў Кіеве пасля абстрэлу 16 сакавіка 2022 года​ / @uniannet

Раніцай у Кіеве зноў былі чутныя выбухі. Праз абстрэл адбыўся абвал у адным з жылых дамоў. Папярэдне, пацярпелі два чалавекі, эвакуявана — 35, паведамляе ўкраінскі тэлеканал Hromаdske

Неспакойна гэтай ноччу было ў Вінніцы і Харкаве, там таксама грымелі выбухі. У Запарожжы абстралялі чыгуначны вакзал.

Па Марыупалі напярэдадні стралялі з мора, пра гэта распавёў кіраўнік мясцовай адміністрацыі Пётр Андрушчанка. Ноччу ён падвёў ў сябе ў Facebook вынікі аўторка. Добрая навіна: з горада змаглі выехаць амаль 20 тысяч чалавек, яны "на шляху ў бяспечную частку Украіны". Але ёсць і дрэнныя.

"Расейцы працягваюць сваю незразумелую гульню "прыпыні гуманітарны канвой". Кожную раніцу адно і тое ж — выехалі з Бярдзянска — пастаялі — заехалі ў Бярдзянск", піша Андрушчанка. Ён нагадвае пра бальніцу, якую ўчора захапілі расійскія войскі. Там яны, па словах кіраўніка адміністрацыі Марыупаля, "не проста ўзялі ў закладнікі лекараў і пацыентаў, а яшчэ нагналі каля 400 чалавек з суседніх хованак". Лекараў пагрозамі прымушаюць лячыць расійскіх параненых, "адначасова прыкрываючыся людзьмі як шчытом ад спробаў вярнуць лякарню з боку нашых абаронцаў", піша Андрушчанка.

Ночные взрывы и заявление Генштаба ВСУ о контрнаступлении — 21 утро войны
Жылы дом у Марыупалі пасля абстрэлу / @uniannet

Каля Марыупаля сітуацыя застаецца "найгоршай", гаварылася ў начной зводцы Генштаба УСУ. Расійскія войскі "спрабуюць блакаваць горад на заходняй і ўсходняй ускраінах".

Яны таксама спрабуюць працягнуць наступ да Крывога Рога, а таксама выйсці на адміністрацыйныя межы Данецкай і Луганскай абласцей. Але гэтую і "іншыя задачы расейцы выканаць не змаглі. Іх таксама спынілі на Мікалаеўскім кірунку", паведамлялі ноччу ў Генштабе. Раніцай тое паведамленне дапоўнілі новым: за суткі становішча сіл абароны Украіны істотна не змянілася. На асобных напрамках УСУ нават удалося перайсці ў контрнаступленне.

"Супернік працягвае несці страты і адступае на асобных напрамках" і асноўныя намаганні цяпер засяроджвае "на замацаванні і ўтрыманні раней занятых рубяжоў і раёнаў абароны".

NATO павінна адправіць ва Украіну міратворчую місію, заявіў мінулай ноччу па выніках сустрэчы ў Кіеве з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім віцэ-прэм'ер Польшчы Яраслаў Качыньскі.

"Патрэбна міратворчая місія NATO ці больш шырокі міжнародны дагавор, місія, якая будзе дзейнічаць ва Украіне і зможа сябе абараніць",  — сказаў ён.

Качыньскі быў у складзе прадстаўнічай дэлегацыі, якая напярэдадні наведала Кіеў. У ёй былі таксама прэм'ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі, кіраўнік урада Чэхіі Пётр Фіал і прэм'ер-міністр Славеніі Янэз Янша.

Сёння міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў возьме ўдзел у нарадзе міністраў NATO. Ён будзе сведчыць аб неабходнасці даць новую ваенную дапамогу Украіне, у тым ліку сістэмы супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны. А Уладзімір Зяленскі у сераду выступіць у Кангрэсе ЗША.

Ночные взрывы и заявление Генштаба ВСУ о контрнаступлении — 21 утро войны
Сустрэча Уладзіміра Зяленскага з прэм'ер-міністрамі Польшчы, Чэхіі і Славеніі / kanaldom.tv

Між тым, Дзяржаўная служба фінансавага маніторынгу Украіны заклікае кіраўнікоў групы па распрацоўцы фінансавых мер па барацьбе з адмываннем грошай (Financial Action Task Force) прызнаць Беларусь краінай, якая распаўсюджвае зброю масавага знішчэння, і ўнесці яе ў "Чорны спіс" арганізацыі. Пра гэта таксама паведаміла ноччу Hromadske

Пракуратура Украіны ўдакладніла дадзеныя па загінуўшым дзецям. За час вайны загінулі ўжо 97 дзяцей, больш за 100 атрымалі раненні. Акрамя таго, больш за мільён вымушаныя былі пакінуць краіну. Гэтыя дадзеныя прыводзіць агенцтва УНІАН. А ўсяго з пачатку вайны з Украіны выехала больш за 3 мільёны бежанцаў, паведамляе ААН. З іх 1,8 мільёна — у Польшчу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі