Нацыянальны аэрапорт "Мінск" з 1 траўня мяняе правілы дагляду ручной паклажы
Нацыянальны аэрапорт "Мінск" з 1 траўня ўводзіць сістэму аўтаматычнага вяртання латкоў у пунктах дагляду. Пра гэта авіякампанія "Белавія" паведаміла ў сацсетках.
Цяпер пры даглядзе ўсю ручную паклажу трэба будзе змяшчаць у спецыяльна распрацаваныя латкі і, як і раней, адпраўляць на праверку ў інтраскоп. Дагляд рэчаў без латка будзе немагчымы. Калі багаж будзе перавышаць дапушчальныя памеры, рэчы будуць вяртацца на стойку рэгістрацыі для здачы багажу.
Максімальна дапушчальныя памеры ручной паклажы ў авіякампаніі "Белавія" — 55/40/20 см.
Паведамляецца, што запуск такой сістэмы дазволіць скараціць час на працэдуру дагляду і павялічыць прапускную здольнасць пункту.