Над Беларуссю збілі беспілотнікі, якія ляцелі ў Расію

Беспілотнік

Беспілотнік / kommersant.ru

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў пятніцу над тэрыторыяй Беларусі сіламі ВПС і войскаў СПА былі збітыя "некалькі цэляў". З яго слоў вынікае, што гэта былі ўдарныя беспілотнікі, якія ляцелі з Украіны. 

— Учора а 18 гадзіне 10 хвілін сілы ВПС і войскаў СПА Беларусі былі пераведзеныя ў павышаную баявую гатоўнасць. Гатоўнасць №1 у нас называецца. Дзяжурныя сілы супрацьпаветранай абароны. Узброеныя Сілы Украіны парушылі ўсякія правілы паводзінаў і парушылі паветраную прастору Рэспублікі Беларусь. На ўсходнім напрамку, зусім побач ад нас у раёне Касцюковіцкага раёна, — сказаў Лукашэнка пачынаючы нараду па працы аграпрамысловага комплексу. 

Цэляў было "каля дзясятка". Для іх перахопу вылецелі самалёты і верталёт. Таксама былі задзейнічаны сродкі РСЗА. Праз гадзіну на вышыні паўтара кіламетра і на адлегласці 6,5 кіламетраў ад мяжы частка цэляў была знішчана. Астатнія "перададзеныя Расійскай Федэрацыі" і збітыя ў раёне Яраслаўскай вобласці. 

Акрамя таго, Лукашэнка ў сваёй прамове прызнаў, што ўкраінскія вайскоўцы замацаваліся на тэрыторыі Курскай вобласці Расіі. Паводле яго слоў ВСУ на курскім напрамку “прасунуліся на некалькі дзясяткаў кіламетраў (30-35), ужо сёння абкопваюцца там”. Расійскае міністэрства абароны гэтую інфармацыю абвяргае. 

У ліпені маніторынгавая група "Беларускі гаюн" фіксавала залёты 9 расійскіх ударных дронаў тыпу Shahed-131/136 на тэрыторыю Беларусі. Адзін з іх, як мяркуецца, выбухнуў на тэрыторыі Гомельскай вобласці, другі — знік. Тады ні Лукашэнка, ні вайскоўцы, ні прапаганда ніяк не каментавалі гэтыя факты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі